Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 35

Джон Фінемар

I тут сэр Гай паказаў усю сваю звярыную натуру. Сапраўдны рыцар даў бы праціўніку магчымасць устаць на ногі, але Гізбарн падскочыў да распасцёртага на зямлі чалавека, каб расправіцца з ім. Робін Гуду пашчасціла. Гай Гізбарн замахнуўся мячом занадта рана — лязо толькі крышку зачапіла яго.

I зноў сэр Гай узняў меч, каб нанесці апошні, смяротны ўдар. Але Робін Гуд з крыкам: «Мне яшчэ рана паміраць!», як дзікая кошка, кінуўся на рыцара, схапіў яго за горла і ўсадзіў свой кароткі меч у сэрца Гая. I ў імгненне той, што збіраўся ўжо святкаваць перамогу, пацярпеў паражэнне і аддаў богу душу.

Робін Гуд нейкі момант стаяў, пазіраючы на пераможанага ворага, потым адчуў у грудзях пякучы боль. Ён скінуў куртку і агледзеў рану. Яна хоць і смылела, але была неглыбокая, і ён як мог перавязаў рану і больш пра яе не думаў, бо яго трывожыў лёс таварышаў. Што з імі? Ці ўратаваліся?

«У лесе шэрыф з вялікім войскам, — разважаў ён. — Напэўна, маіх людзей загадзя папярэдзілі пра небяспеку, і, можа, толькі маленькія групкі, што гулялі па лесе, трапілі ў рукі нотынгемскага ката. Мне і самому трэба быць асцярожным».

Падумаўшы крыху, ён зноў скінуў з сябе куртку, падняў з зямлі конскую шкуру Гая Гізбарна. Праз дзве хвіліны Робін Гуд так змяніў сваё аблічча, што зрабіўся падобны на сэра Гая. «Цяпер шэрыфавы людзі не спыняць мяне, калі стрэнуцца на дарозе», — падумаў Робін Гуд і пайшоў, прыхапіўшы лук, калчан і ражок забітага рыцара.

Ён крочыў па схіле пагорка, як раптам пачуў невыразныя крыкі і воклічы. Гэта шэрыф са сваім войскам гнаўся за Уілам Скарлетам. Робін Гуд узбег на пагорак і выглянуў з-за кустоў. Вунь нехта ўцякае… Уіл Скарлет! А вунь да дрэва прывязаны нейкі высачэзны дзяціна. Ды гэта ж Маленькі Джон!

— Яны схапілі Маленькага Джона! — усклікнуў Робін Гуд. — Трэба яго ратаваць. He магу я страціць самага вернага і храбрага сябра.

Якраз у гэты момант Робін Гуд убачыў, што адзін з шэрыфавых людзей падняў сваё кап’ё, каб праткнуць ім Маленькага Джона. На самай справе той толькі забаўляўся, здзекаваўся з палоннага: хацеў прымусіць яго збялець ад страху. Але Робін Гуд падумаў, што кап’ёўшчык хоча нанесці смяротны ўдар, і, каб адцягнуць яго ўвагу ад ахвяры, паднёс да вуснаў ражок Гая Гізбарна і гучна затрубіў. Задума яму ўдалася. Галовы ўсіх — і тых, хто стаяў каля дрэва, і тых, хто гнаўся за Скарлетам, — павярнуліся да пагорка, на якім стаяў Робін Гуд.

Шэрыф пазнаў гук рыцарскага ражка і радасна пляснуў далонямі.

— Ражок сэра Гая Гізбарна! — закрычаў ён. — Гэтыя гукі падаюць нам радасную вестку. Сэр Гай даў зарок ніколі не трубіць у ражок, пакуль не заб’е Робін Гуда. А вось і сам ён ідзе да нас у сваёй конскай шкуры.