Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 34
Джон Фінемар
— Чаму ж не правесці, калі вам так хочацца ўбачыць гэтага разбойніка, — бадзёра сказаў Робін Гуд. — Я памагу вам сустрэцца з Робін Гудам. Толькі я не такі чалавек, каб быць за правадніка ў таго, хто, можа, хоць і носіць лук, a страляць з яго не ўмее.
— Гэта я не ўмею страляць з лука? — абурыўся Гай Гізбарн. — Пакажы цэль, ёмен, і ты ўбачыш, ці ўмею я страляць!
Якраз гэтага і дамагаўся Робін Гуд, бо каго б ён ні стрэў у Шэрвудскім лесе, яму абавязкова хацелася паспаборнічаць з ім у стральбе з лука.
Вызначылі цэль, і неўзабаве сэр Гай Гізбарн пераканаўся, што як стралку яму вельмі далёка да гэтага селяніна з Локслі.
— Блаславі тваю душу, ёмен, — сказаў сэр Гай, ляпаючы Робін Гуда па плячы. — Такіх выдатных стралкоў рэдка ўбачыш. Калі б ты меў такое ж цвёрдае сэрца, як твая рука, ты б зацьміў адвагай і доблесцю самога Робін Гуда. Як цябе завуць? Мне вельмі хочацца ведаць пра цябе больш.
— He, — запярэчыў Робін Гуд, — перш скажы, як завуць цябе, тады і я скажу сваё імя. — А сам падумаў: «Ён выдумае сабе імя», — але памыліўся.
— Я ўжо і сам здагадаўся, што вы рыцар, — сказаў Робін Гуд. — Хіба ж селянін носіць пад конскай шкурай рыцарскі ражок?
— Правільна, ёмен, — адказаў сэр Гай. — I калі я нарэшце схаплю гэтага ліхадзея Робін Гуда, я затрублю ў ражок. Шэрыф, які ўжо тут, у лесе, адразу зразумее, што мне выпала ўдача. I багатая ўзнагарода будзе мая.
Кроў кінулася ў твар Робін Гуду, вочы загарэліся.
— Дык хапай яго, сэр Гай Гізбарн! Вось ён стаіць перад табою. Я — Робін Гуд!
Гай Гізбарн, відаць, нешта ўжо сам западозрыў, бо быў напагатове. I ледзь Робін Гуд вымавіў гэтыя словы, ён выхапіў з ножан кінжал. Робін Гуд не паспеў нават узяцца за тронкі свайго, як Гізбарн нанёс моцны ўдар, цэлячыся проста яму ў сэрца. Толькі спрыт выратаваў Робін Гуда ад вернай смерці. Ён імгненна адхіснуўся, і вострае лязо бліснула на паўпальца ад яго грудзей.
— Ганебны ўдар, сэр рыцар! — крыкнуў Робін Гуд. — Якраз варты такога здрадніка, як ты. Напасці на чалавека, які не паспеў нават дакрануцца да сваёй зброі! Ну, а цяпер, шаноўны, мы з табой пабораемся як роўныя.
Робін Гуд агаліў меч, а Гай Гізбарн яшчэ раней выхапіў свой. Вераломны рыцар напаў на Робін Гуда, не папярэдзіўшы ні словам, ні воклічам, упэўнены ў лёгкай перамозе. Сэр Гай думаў, што ў стральбе з лука ён, вядома, не раўня Робін Гуду, але ў паядынку на мячах. гэты вясковец не пратрымаецца і дзвюх хвілін. Сэр Гай лічыўся адным з самых спрытных байцоў на мячах у сваім графстве.
Але мінула дзве хвіліны, і пяць, і дзесяць, і Гай Гізбарн зразумеў, што лёгкай перамогі не будзе. Спачатку Робін Гуд толькі абараняўся, бо рыцар нападаў на яго з такім шаленствам, што ён ледзь паспяваў адбівацца, прыкрываючы галаву і грудзі ад імклівага клінка, які са свістам рассякаў паветра. Паступова націск Гізбарна апаў, у яго не хапіла сілы, каб гэтак доўга і шалёна арудаваць мячом. Да таго ж ён добра ведаў: нельга траціць усе сілы, нападаючы, бо праціўнік, што абараняецца, застаецца амаль зусім свежы. Але і цяпер мячы са звонам сутыкаліся і скрыжоўваліся, і жорсткі бой доўжыўся, пакуль Робін Гуд раптам не зачапіўся за корань дуба, пад якім яны бароліся, спатыкнуўся і паляцеў на зямлю.