Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 33

Джон Фінемар

прастагнаў Маленькі Джон і таксама памкнуўся ўцякаць. А што яшчэ рабіць бяззбройнаму? Але тут, прадраўшыся праз хмызняк, да яго падскочылі пяць чалавек з коп’ямі і загадалі спыніцца. Гэта былі разведчыкі, якіх шэрыф паслаў наперад войска. Яны пачулі шум і крыкі і паспяшаліся да сваіх.

Маленькі Джон зрабіў вялікі скачок убок і ўцёк бы, але адзін з кап'ёўшчыкаў шпурнуў доўгае ясеневае дрэўка кап’я яму пад ногі, і Маленькі Джон расцягнуўся на зямлі на ўвесь свой гіганцкі рост. Ворагі акружылі яго, схапілі за рукі, за ногі, стараючыся не даць яму падняцца. Іх было пяць супраць аднаго, але і такая перавага не памагла б ім, каб не прыбеглі яшчэ некалькі чалавек. Два разы ўставаў Маленькі Джон з зямлі з павіслымі на ім, як сабакі на льве, ворагамі, і два разы яны зноў валілі яго. Раптам ён вызваліў правую руку, размахнуўся — і два ворагі замерлі каля яго ног.

На шум прымчаліся яшчэ каля дзесяці шэрыфавых людзей і рынуліся на Маленькага Джона. Тут ужо нават такі волат, як ён, нічога не мог зрабіць. Маленькага Джона звязалі па руках і нагах, і ён бездапаможна ляжаў на зямлі ў поўнай уладзе ворагаў.

Падышоў шэрыф, засмяяўся і сказаў:

— Адзін ужо для шыбеніцы гатовы, і то добра. Ды яшчэ які вялікі! Падыміце яго, хлопцы, і прывяжыце да дрэва. Так будзе больш надзейна. Хай пастаіць адзін, пакуль мы не зловім яшчэ некалькі нягоднікаў. А потым, подлы шэльма, — павярнуўся ён да палоннага, — цябе павесяць на самым высокім узгорку.

Хоць смерць ужо глядзела Маленькаму Джону ў вочы, ён смела зірнуў на шэрыфа і дзёрзка засмяяўся.

— Па волі неба, — крыкнуў ён шэрыфу, — усе твае намеры, пыхлівы шэрыф, пойдуць прахам і сёння, і заўтра, і павек!

А цяпер пакінем на час Маленькага Джона ў руках бязлітаснага ворага і раскажам пра Робін Гуда.

Робін Гуд ішоў па паляне, углядаючыся ў дзіўную істоту, і неўзабаве ўбачыў, што, прысланіўшыся да дрэва, стаіць высокі, моцнага складу мужчына, захутаны ў нешта дзіўнае. Ды гэта ж высушаная конская шкура — з галавой, з грывай і хвастом! З-пад конскай галавы вызіраў твар незнаёмца, на плечы спадала конская грыва, а хвост матляўся за спінай. Відовішча было вельмі смешнае. Але чалавек, відаць, меў рашучыя намеры — у руках у яго быў вялікі лук, на поясе віселі меч і кінжал.

— Добрага ранку, мілы чалавек, — павітаўся з ім Робін Гуд. — Бачу, у цябе добры лук. Мусіць, ты паляўнічы.

— Так, лук у мяне добры, — адказаў незнаёмы, — ды сёння я пайшоў не на паляванне. Заблудзіў у гэтым густым лесе. А хто ты?

— Я ёмен з Локслі,— сказаў Робін Гуд. — Вёска ёсць такая на тым баку лесу.

— А ты добра ведаеш гэты лес, ёмен з Локслі?

— Без пахвальбы скажу, што ведаю ўсе сцяжынкі тут лепш за каго іншага. Калі хочаце, магу быць у вас за правадніка.

— Добра, — сказаў незнаёмы. — Я шукаю Робін Гуда. Правядзі мяне ў лагер да гэтага гордага разбойніка. Сустрэча з ім даражэйшая для мяне за сорак фунтаў золатам.

Робін Гуд уважліва прыгледзеўся да незнаёмага і пазнаў яго.

«Гэта Гай Гізбарн! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Пра яго ходзіць слава, што ён чалавек прадажны і вераломны. Ха-ха! Сорак фунтаў! Я ведаю, чаму Робін Гуд даражэйшы за сорак фунтаў. Калі б яму ўдалося захапіць мяне, ён атрымаў бы за маю галаву ў шмат разоў больш».