Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 29

Джон Фінемар

Калі чалавек у падранай чырвонай світцы праходзіў праз вароты, выведчыкі шэрыфа ўважліва агледзелі яго, але ім і ў галаву не прыйшло, што гэта і ёсць злейшы вораг шэрыфа. Левае вока Робін Гуд прыкрыў чорнай павязкай, знарок запусціў бараду — яна была неахайная і ўскудлачаная, — ідучы, ён неяк смешна пераступаў нагамі.

— Зірні вунь на таго недарэку ў чырвоных рызманах, — са смехам сказаў нейкі ляснік. — Клянуся, сёння ўсе вясковыя абарванцы спяшаюцца сюды: спадзяюцца атрымаць залатую стралу.

Робін Гуд пачуў гэтыя словы і ледзь усміхнуўся. Ён шпарка пакрочыў на стрэльбішча, дзе стаялі мішэні. Шэрыф ужо знаходзіўся там. Ён быў на кані, і яго акружаў атрад целаахоўнікаў. Ахвотнікаў атрымаць каштоўны прыз сабралася шмат, і шэрыф пільна шнарыў вачамі па натоўпе, шукаючы сярод людзей ненавісных яму разбойнікаў. Але колькі ні ўзіраўся шэрыф у гэтае зборышча не вядомых яму людзей, ён не заўважыў нікога, хто б хоць чым-небудзь нагадваў людзей Робін Гуда.

Неўзабаве пачалося спаборніцтва. Хутка высветлілася, што адзін з самых меткіх стралкоў — Уільям з Йорка — ніяк не можа ўзяць верх над купкай вясковых хлапцоў, апранутых у курткі самых розных колераў.

Гледачы з захапленнем сачылі за барацьбой гэтых бедна адзетых людзей са славутым стралком і віталі кожнага з іх радаснымі воклічамі.

«У сіняй куртцы! — чуўся крык.— У белай! У рудой!» А пад канец: «Вось дык стралец — Ў чырвонай, з барадой!» А гэта быў сам Робін Гуд, Ён лепш за ўсіх страляў: На міг — прыцэл, і меткі стрэл — У самы цэнтр трапляў.

Нарэшце спаборнікаў засталося толькі двое — Уільям з Йорка і чалавек у чырвонай світцы. Для іх паставілі новую мішэнь на значна большай адлегласці, чым усе ранейшыя, і абодва стралкі сталі на сваё месца з лукам у руках. Кожны павінен быў пусціць тры стралы. Шмат хто з выдатных стралкоў, што сталі гледачамі, з сумненнем круцілі галовамі і паціскалі плячамі, убачыўшы, як далёка стаяць мішэні.

— Гэта ж якім трэба быць майстрам, каб трапіць у такую далёкую цэль, — гаварылі яны, — няхай нават і не ў самы яблычак.

Гледачы, стаіўшы дыханне, чакалі, чым скончыцца паядынак стралкоў. Ззаду двух прэтэндэнтаў на прыз гарцавалі на конях шэрыф і яго самыя блізкія прыяцелі.

— Мы былі сведкамі надзіва меткай стральбы, — сказаў нехта з іх. — Нават сам Робін Гуд і яго людзі не стралялі б лепш.

Шэрыф пачухаў галаву: — А я ж яго чакаў, Чакаў я тут, ды Робін Гуд Вачэй не паказаў.

Амаль каля самай храпы шэрыфавага каня стаяў стралок у чырвонай світцы, абапёршыся на свой вялікі лук і шырока разявіўшы рот, нібы той вясковы дурань. Ён углядаўся адзіным вокам у далёкую мішэнь. Робін Гуд ледзь стрымаўся, пачуўшы кплівыя словы шэрыфа. Яму так і карцела павярнуцца і смела глянуць у твар шэрыфу. Але гэта было вельмі небяспечна, і ён не варухнуўся, толькі падумаў: «Хутка ты даведаешся, пыхлівы шэрыф, што перад табой стаяў Робін Гуд».