Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 31

Джон Фінемар

Шэрыф жыў у вялікім асабняку адразу за гарадской сцяной. Адно акно абедзеннай залы не было яшчэ закрыта нанач аканіцай. Маленькі Джон начапіў пасланне Робін Гуда на наканечнік стралы і пусціў яе. Страла ўляцела праз акно ў залу. А Маленькага Джона і след прастыў.

Шэрыф якраз сеў за стол, каб павячэраць з прыяцелямі і адпачыць пасля дзённых турбот. У той момант, як ён паднёс да рота вялізны рог, да краёў поўны элю, у паветры прагула страла і ўваткнулася ў стальніцу перад самым яго носам.

— Што такое? — ускрыкнуў шэрыф. — Страла! Што гэта значыць?

— Пад наканечнікам паперка! — закрычаў слуга. — Мабыць, пісьмо!

— Знімі яе са стралы і падай мне, — загадаў шэрыф.

Слуга выканаў загад і падаў паперку гаспадару. Шэрыф узяў яе і разгарнуў, усё яшчэ трымаючы ў другой руцэ рог з элем. Усім, хто сядзеў за сталом, не цярпелася хутчэй даведацца, што там у пісьме. I раптам усе ажно здрыгануліся. Шэрыф закрычаў і шпурнуў на стол рог з такой сілай, што той раскалоўся напалам і эль ракой пацёк па стале.

— Што, дрэнныя весткі? — пачалі распытваць шэрыфа госці.

— Дрэнныя! — зароў шэрыф, калоцячыся ад шаленства. Горшыя не бываюць! Гэты хітры нягоднік, гэты ліхадзей стаяў сёння амаль побач са мною, але выслізнуў з маіх рук! Хто, вы думаеце, быў той стралок у чырвонай світцы? Гэта ж быў сам Робін Гуд!

Усе, хто быў у абедзеннай зале, здзіўлена вытрашчыліся на шэрыфа. Дык гэта тое пудзіла гарохавае ў чырвонай світцы і ёсць Робін Гуд! А што, відаць, гэта і праўда быў ён, бо вельмі добра страляў.

— Далібог, дарагі шэрыф, мы павінны былі здагадацца, — сказаў адзін з гасцей. — Такога майстэрства я ў жыцці не бачыў. Як ён страляў! Толькі Робін Гуд мог сагнуць такі магутны лук.

Але шэрыф нічога не чуў і не бачыў. Ён проста звар’яцеў ад шаленства. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Як прачытаў пісьмо шэрыф, Што палатно збялеў, Ён вар’яваў, і бушаваў, I рыкаў, нібы леў.

— Больш ніякіх хітрыкаў прыдумляць не буду! — на ўсё горла крычаў шэрыф. — Я схаплю гэтага нягодніка сілай! Ніводнага дня больш не пацярплю! Заўтра ж пайду з войскам на гэтага шэльму. Клянуся, спачатку я выб’ю пыл з чырвонай світкі, не знімаючы з яго, а тады павешу злодзея на самай высокай шыбеніцы, якую калі-небудзь ставілі ў нашым слаўным горадзе Нотынгеме!

Раздзел дзевяты

Шэрыф i Гай Гізбарн ідуць на Робін Гуда

На другі дзень нотынгемскі шэрыф сабраў вялікі атрад салдат і лучнікаў, каб ісці ў паход на разбойнікаў. Але перш чым выступіць у Шэрвудскі лес, ён абвясціў, што за галаву Робін Гуда вызначаецца вялікая ўзнагарода — трыста фунтаў золатам.

Сярод прыяцеляў шэрыфа быў рыцар па імені Гай Гізбарн — добры воін, але чалавек злосны і распусны. Ён залез па вушы ў даўгі і за грошы гатовы быў пайсці на ўсё.

Калі Гай Гізбарн пачуў пра ўзнагароду за галаву Робін Гуда, ён наважыў што б там ні было атрымаць яе і лічыў, што на гэта ў яго ёсць шанц. Ён добра ведаў Шэрвудскі лес і таму спадзяваўся знайсці лагер Робін Гуда. Рыцар расказаў шэрыфу пра сваю задуму пераапрануцца і пайсці аднаму ў лес.