Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 27
Джон Фінемар
Маленькі Джон шырока ўсміхнуўся і нацягнуў на сябе мантыю. Усіх, хто быў у царкве, разабраў смех — вельмі ўжо быў пацешны выгляд у гэтага волата.
— Дык пачынай. Гучна абвясці імёны жаніха і нявесты, як заведзена, — загадаў Робін Гуд Маленькаму Джону.
Калі магутным крокам Маленькі Джон у чырвонай мантыі рушыў на біскупава месца і пачаў неяк смешна выкрыкваць імёны маладых, пад высокімі скляпеннямі царквы выбухнуў грамавы рогат.
Маленькі Джон паставіўся да свайго абавязку з вялікай адказнасцю і, баючыся, што трох разоў мала, усё паўтараў і паўтараў імёны, пакуль не зрабіў гэта ажно сем разоў. Тады Робін Гуд паклікаў яго назад і павярнуўся да біскупа:
— А цяпер, пане біскуп, выбірайце, што для вас лепш, і як мага хутчэй: альбо пажэніце гэтых маладых, якія шчыра кахаюць адно аднаго, альбо мы забяром вас у лес як палонніка.
Біскуп затросся ад страху. Гэтага яшчэ не хапала: быць палоннікам у Шэрвудскім лесе! I ён адразу згадзіўся павянчаць маладых. Калі ён спытаў: «Хто аддае пад вянец гэту дзяўчыну?» — Робін Гуд адказаў:
Хоць і не надта хацелася, але давялося біскупу павянчаць Алана-а-Дэйла і дзяўчыну, якія горача кахалі адно аднаго, на вачах у старога рыцара-багацея, што ажно шалеў ад злосці: з-пад самага носа ў яго забралі нявесту! Але ні ён, ні біскуп — ніхто не пасмеў і пальцам крануць атамана разбойнікаў і яго адборных стралкоў.
Раздзел восьмы
Залатая страла
Адразу пасля вянчання біскуп паспяшаўся ў Нотынгем да шэрыфа са скаргай на Робін Гуда.
— Вы, шэрыф, седзіце тут, у Нотынгеме, упаўнаважаныя самім каралём Рычардам, каб ахоўваць парадак і спакой, — кіпеў гневам біскуп, — і дазваляеце гэтаму дзёрзкаму разбойніку правіць краінай, быццам ён сам кароль!
Біскуп так лаяў нотынгемскага шэрыфа, што той спалохаўся, каб біскуп не данёс на яго самому Рычарду.
«Калі біскуп наважыў ісці са скаргай да караля, а, відаць, так яно і ёсць, — падумаў шэрыф, — дык лепш я сам далажу і растлумачу каралю, які страшны чалавек гэты Робін Гуд і як цяжка з ім справіцца».
I шэрыф паскакаў у Лондан. Ён сказаў каралю, што ніяк не можа адолець Робін Гуда, бо разбойнікаў вельмі шмат і ўсе яны дзёрзкія і смелыя, ведаюць кожную сцяжынку ў лесе, кожны куточак, таму шэрыфавы людзі не могуць высачыць іх і злавіць.
— А што я магу зрабіць? — абурыўся кароль Рычард. — Хіба ж не вы шэрыф, які па закону абавязаны лавіць разбойнікаў? Закон даў вам уладу караць усіх, хто шкодзіць вам. Калі вы не можаце расправіцца з гэтымі шэльмамі сілай, знайдзіце які іншы спосаб. Ва ўсякім разе, зараз жа вяртайцеся і ў хуткім часе далажыце, што справіліся з імі, інакш вас чакае вялікая бяда.
Шэрыф, убачыўшы, як разгневаўся кароль, паспешліва адкланяўся і рушыў назад у Нотынгем. Усе дні, што быў у дарозе, ён ламаў сабе галаву, прыдумваючы, як падстроіць пастку разбойнікам, і нарэшце радасна ляпнуў сябе па баках і гучна засмяяўся.