Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 25
Джон Фінемар
— Гэты ж пярсцёнак заручальны! — усклікнуў ён.
— Ага, заручальны, — пацвердзіў менестрэль. — Сем гадоў я бярог яго і думаў, што сёння нарэшце надзену на палец нявесты. Але нявесту ў мяне забралі, і цяпер ён мне без патрэбы. Бярыце, хто хоча.
— Раскажы мне ўсё, — сказаў Робін Гуд. — Ты ж учора пад вечар быў радасны і бесклапотны, як лясная птушка, а сёння змрочны і сумны.
— Вы бачылі мяне ўчора? Я сапраўды быў шчаслівы і радасны, бо павінен быў павянчацца з першай прыгажуняй ва ўсім Паўночным краі, а вось цяпер сэрца маё абліваецца крывёю. Яе выдаюць за старога багатага рыцара.
— Яна раптам перадумала? — пацікавіўся Робін Гуд.
— He! — усклікнуў менестрэль. — He перадумала!
Яна кахае мяне гэтак жа моцна, як і раней. Але яе родзічы не хочуць і чуць пра мяне: у мяне ні зямлі няма, ні багацця. Сёння яе павянчаюць са старым багацеем. — Юнак зноў цяжка ўздыхнуў, так цяжка, быццам у яго вось-вось разарвецца сэрца.
— Як цябе завуць? — спытаў Робін Гуд.
— Алан-а-Дэйл, — адказаў юнак.
— Вось што, Алан-а-Дэйл. Я — Робін Гуд, — сказаў славуты разбойнік, — і калі я памагу табе і тваёй вернай дзяўчыне, чым ты аддзячыш мне?
— Вось і добра, — сказаў Робін Гуд. — Сумленны і верны чалавек мне больш патрэбны, чым кашалёк, набіты золатам. Скажы, а дзе павінна адбыцца вянчанне?
— У царкве, што там, за лесам, — адказаў Алан-а-Дэйл. — Усяго за пяць міль адсюль.
— Гэту царкву я ведаю і буду там, — сказаў атаман разбойнікаў і, крыху падумаўшы, папрасіў: — Дай мне тваю арфу.
Менестрэль аддаў яму арфу. Робін Гуд перадаў усю сваю зброю Маленькаму Джону, нешта шапнуў яму на вуха і шпарка пайшоў па дарозе.
Нарэшце паказалася царква. Робін Гуд рушыў па дарожцы праз цвінтар, перабіраючы струны арфы. На звонкія гукі арфы ў дзвярах царквы вырасла мажная постаць у багатым убранні. Сам біскуп меўся справіць вянчальны абрад, бо ён з рыцарам былі прыяцелі яшчэ з маленства.
— Я падумаў, пачуўшы гукі арфы, што ўжо ідуць госці,— сказаў біскуп. — Хто ты і чаго прыйшоў?
Робін Гуд зняў шапку і нізка пакланіўся:
— Святы айцец, я вандроўны музыка. Кажуць, што ва ўсім Паўночным краі няма арфіста лепшага за мяне. Ядаведаўся, што сёння тут будзе вянчанне, і паспяшаўся сюды, каб упрыгожыць музыкай такі шчаслівы дзень.
— О, тады заходзь, калі ласка! — сказаў біскуп і павёў Робін Гуда ў царкву. — Музыку я люблю больш за ўсё на свеце. Сыграй мне што-небудзь.
— He, пане біскуп, — адказаў Робін Гуд, які мог толькі сяк-так брынкаць на струнах, — у тых мясцінах, дзе я вырас, людзі лічаць, што, пакуль не падыдзе вясельная працэсія, іграць нельга: можна наклікаць бяду.
— Добра, тады падрыхтуйся, — сказаў біскуп, — вунь яны ўжо ідуць.
Царква была поўная народу. Калі людзі ўбачылі жаніха і нявесту, усе пачалі пераглядвацца. Якая ганьба выдаваць такую прыгожую маладзенькую дзяўчыну за гэткага нягеглага старога! Рыцар быў вельмі стары, танканогі, нібы журавель, сляпы на адно вока і з вялікім гарбом на левым плячы. Дзяўчына ж была надзвычай прыгожая, як ружовая ранішняя зара, і такая свежая і пяшчотная, як майская кветка.