Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 24
Джон Фінемар
— Сустрэнемся роўна праз год на гэтым самым месцы, — прапанаваў Робін Гуд, — і тады мы з вамі яшчэ пагаворым пра гэта.
Раздзел сёмы
Малады музыка
Рычард паехаў сваёй дарогай, адчуваючы сябе самым шчаслівым чалавекам ва ўсёй Англіі. Калі Рычард Лi сеў на каня і паехаў, Робін Гуд узяў свой лук і пайшоў пагуляць па лесе. Ля куста пры дарозе, што злучала два маленькія гарадкі, ён спыніўся і раптам пачуў вясёлую песню. Нехта ішоў праз лес і весела спяваў звонкім прыгожым голасам пад мяккія, густыя гукі арфы.
«Во вясёлая душа! — падумаў атаман разбойнікаў.— Калі яго кашалёк звініць так, як голас, дык варта гэтага птаха абскубці».
Ён прытаіўся за кустом і неўзабаве ўбачыў спевака на лясной дарозе.
«Вандроўны паэт-музыкант, менестрэль, — прашаптаў Робін Гуд. — На яго прыемна глядзець, але я ўпэўнены, кашалёк у яго пусты».
Падарожнік быў прыгожы дзяцюк з доўгімі хвалістымі саламянымі валасамі, на якіх зухавата сядзеў квяцісты берэт з пяром пеўня. Апрануты ён быў ва ўсё пунсовае.
Робін Гуду вельмі спадабалася вясёлая песня бесклапотнага юнака, і ён прапусціў яго, не ўзяўшы «дарожнага збору».
«Сорам і ганьба трывожыць чалавека, які з такой радасцю спявае сярод зялёнага лесу», — падумаў Робін Гуд і застаўся ў сваім сховішчы, прыслухоўваючыся да песні, пакуль апошні яе гук не замёр недзе за густой сцяной дрэў.
Робін Гуд зірнуў на ўсход і ўбачыў, што вячэрні змрок ужо ахінае лясныя абшары.
«Хутка надыдзе ноч. Сёння ніхто ўжо тут не пройдзе», — падумаў Робін Гуд і вярнуўся да месца збору на глухой паляне, дзе вакол вялікага яркага вогнішча сядзелі лясныя стралкі — гутарылі і весела смяяліся.
Назаўтра раніцай Робін Гуд разам з Маленькім Джонам і Мачам зноў пайшлі паназіраць за лясной дарогай.
— Што з ім такое здарылася? — здзівіўся Робін Гуд. — Яшчэ ж учора весялейшага за яго чалавека, здавалася, на свеце не было. Лec аж звінеў ад яго радаснай песні, а цяпер ён выглядае так, быццам ідзе на хаўтуры. Мач, і ты, Джон, прывядзіце яго да мяне. Хачу даведацца, што за прычына такой раптоўнай перамены.
Маленькі Джон і Мач выйшлі з засады і загадалі менестрэлю спыніцца. Але юнак быў не з баязлівага дзесятка. Ён імгненна схапіўся за лук, гатовы даць адпор, калі на яго нападуць.
— Пакінь свой лук, — сказаў яму Маленькі Джон. — Няма патрэбы страляць. Мы зла табе не зробім. Наш атаман хоча пагаварыць з табой. Вунь ён, зірні, стаіць пад дрэвам.
Менестрэля падвялі да Робін Гуда, той ветліва прывітаўся з ім і спытаў:
— У цябе ёсць лішнія грошы?
— Грошай у мяне зусім мала, — адказаў сумны менестрэль. — Усяго пяць шылінгаў і вось гэты пярсцёнак.
Робін Гуд узяў у яго з рук пярсцёнак.