Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 22

Джон Фінемар

Была ў вачах яго туга, На твары сум і мрок, Адна у стрэмені нага, Адна спаўзла пад бок. Шлем коса ссунуўся на лбе, Іржы на латах след, Людзей у гэтакай журбе Яшчэ не бачыў свет.

Але Маленькі Джон памятаў загад Робін Гуда. Перад ім рыцар, і гэты рыцар павінен сёння папалуднаваць з Робін Гудам. Ён выйшаў з засады і стаў на калена перад коннікам.

— Пане рыцар, — ветліва сказаў Маленькі Джон, — вельмі прашу вас пайсці з намі ў лес. Там вас сустрэнуць сардэчна і гасцінна. Мой гаспадар ужо тры гадзіны чакае вас на абед.

— А хто твой гаспадар? — спытаў журботны рыцар.

— Робін Гуд, — адказаў Маленькі Джон.

— Я збіраўся сёння паабедаць дзе-небудзь у Блісе ці ў Донкастары, — сказаў рыцар, — але мне ўсё роўна, дзе есці. Вядзі мяне, добры чалавек. Пайду з табою да гэтага слаўнага ёмена. Я чуў, што ён прыяцель усіх бедных і гаротных.

Калі між стваламі дрэў Робін Гуд убачыў, што Маленькі Джон, Мач і Уіл вядуць у лагер рыцара, ён пайшоў ім насустрач, пачціва прывітаўся і запрасіў рыцара быць ганаровым госцем на абедзе. Рыцар падзякаваў яму, яны памылі рукі і селі за стол, які ламіўся ад смажанай аленіны, ад знятых з ражноў лебедзяў і фазанаў, ад пірагоў, начыненых дзічынай, і піражкоў з птушыным мясам, ад вялікіх бутляў з элем, ад праснакоў з пшанічнай мукі мяккага памолу.

Журботны рыцар прагаладаўся і еў з вялікім смакам усё, што яму падавалі. Неўзабаве твар яго крыху пасвятлеў.

— Вялікі дзякуй, ласкавы Робін Гуд, — падзякаваў нарманскі рыцар. — Я ўжо тры дні не ёў гэтак сытна і смачна. Калі вам надарыцца быць у нашых краях, я таксама пачастую вас ад усяго сэрца.

— Вялікі вам дзякуй, ласкавы рыцар, — засмяяўся Робін Гуд, — але ваша абяцанне — малая плата за сённяшні абед. Вы, пэўна, думаеце, што ў простага ёмена не будзе чым заплаціць за пачастунак высокашаноўнага рыцара. А каб было чым, я вымушаны папрасіць вас палажыць на стол свой кашалёк, перш чым мы развітаемся з вамі.

— Я рады быў бы расплаціцца з вамі за такі багаты пачастунак, — сказаў рыцар. — Мне сорамна, што маю так мала грошай.

— Колькі ў вас? Толькі кажыце праўду.

— У мяне ўсяго дзесяць шылінгаў за душой, — сказаў рыцар. — Грошы ляжаць у куфэрку, што вісіць за сядлом.

— Паглядзі, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.

Джон зняў з седлавой лукі куфэрак, разаслаў на траве свой плашч і высыпаў на яго ўсё з куфэрка.

— Рыцар праўду казаў,— абвясціў Маленькі Джон, калі пералічыў манеты.

— Скажыце, шаноўны, — звярнуўся да рыцара Робін Гуд, — чаму вы так згалелі? Вопратка ваша бедная, скарбніца амаль пустая. I ў вас такі журботны выгляд. Выпіце, калі ласка, яшчэ кубак добрага віна і раскажыце нам пра свае бядоты. А можа, вы занядбалі гаспадарку або растранжырылі багацце ў п’яных гулянках?

Рыцар адмоўна пакруціў галавой і цяжка ўздыхнуў.

— Добра, я раскажу вам усё, — згадзіўся журботны рыцар. — Я маю вялікі доўг — чатыры сотні золатам! Яшчэ два-тры гады назад такія грошы былі для мяне дробяззю. А цяпер у мяне нічога не засталося, акрамя жонкі і дзяцей ды тых няшчасных дзесяці шылінгаў, што былі ў куфэрку.