Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 20

Джон Фінемар

Цэлую гадзіну звінелі мячы і шчыты. Змагаліся і на беразе, траплялі і ў ваду, нападалі, ухіляліся ад удараў, калолі і секлі мячамі колькі моцы ставала. Нарэшце зусім выбіліся з сілы і вымушаны былі перапыніць паядынак, каб крыху адпачыць пасля такой страшнай бойкі.

— Каб мяне чорт узяў, прыяцель! — усклікнуў Робін Гуд. — Ты ж той самы ўдалец, якога я шукаю і хачу ўзяць сабе ў таварышы. Зрабі мне, прашу, адну ласку.

— Якую?

— Анічога такога. He нападай на мяне, пакуль я не пратрублю тры разы ў ражок.

— Трубі колькі хочаш. Мяне твой ражок мала хвалюе.

Робін Гуд усміхнуўся. Зараз манах убачыць такое, што расхвалюе яго не на жарт. Ён паднёс да рота ражок і моцна пратрубіў тры разы. Яшчэ не сціхла рэха, як з лесу выбеглі паўсотні чалавек з нацэленымі лукамі ў руках.

— Што гэта за людзі?! — закрычаў манах. — Чаму яны так спяшаюцца сюды?

— Гэта мае стралкі, манах. Яны спяшаюцца мне на падмогу.

— Тваю просьбу я выканаў,— сказаў манах. — Цяпер зрабі і мне ласку — не нападай, пакуль я не свісну тры разы.

— Згодны, — адказаў Робін Гуд. — Я быў бы апошні нягоднік, калі б адмовіў табе. Твой свіст мяне мала хвалюе.

Як толькі манах свіснуў тры разы, паўсотні вялізных таўстамордых сабак з шалёным брэхам выскачылі аднекуль і памчаліся па даліне да рэчкі. Два сабакі наляцелі на Робін Гуда, адзін ззаду, другі спераду, і сарвалі з яго плячэй камзол.

Убачыўшы свайго атамана ў бядзе, яго людзі пачалі страляць у сабак. I тут адбыўся сапраўдны цуд. Сабакі спрытна хапалі стрэлы зубамі, і ніводзін з іх не быў паранены або забіты.

Маленькі Джон, які яшчэ не дакранаўся да свайго калчана, закрычаў грамавым голасам:

— Прагані сабак, манашак, і не марудзь!

— Хто ты такі, каб мне загадваць? — загрымеў у адказ манах.

— Я Маленькі Джон, стралок Робін Гуда! Яшчэ раз кажу: прагані сабак, a то ім не паздаровіцца.

Манах толькі пагардліва ўсміхнуўся, і тады Маленькі Джон пачаў пускаць стрэлы адну за адной. Яны так шпарка ляцелі, што сабакі не паспявалі хапаць іх, і неўзабаве некалькі сабак ужо ляжалі мёртвыя на траве.

— He страляй, добры маладзец! — крыкнуў яму манах, баючыся, што гэты спрытны стралок пераб’е ўсіх яго сабак. — He страляй, і давайце памірымся. Я не ведаў, што гэта Робін Гуд, а вы яго людзі.

Ён прагнаў сабак, і ўсё скончылася мірам.

— Як цябе завуць, адважны манах? — спытаў Робін Гуд. — Такія людзі, як ты, мне падабаюцца.

— Я манах Тук і ўжо сем гадоў ахоўваю Крынічную даліну і праганяю адсюль усіх, хто асмельваецца паявіцца тут без майго дазволу.

— Пойдзем з намі ў слаўны Шэрвудскі лес, — прапанаваў яму Робін Гуд. — Нам патрэбны свяшчэннік, бо мы не хочам жыць у лесе, як варвары. Нас абвясцілі па-за законам, мы не можам хадзіць у горад у царкву. I калі ты згодзішся жыць з намі, мы пабудуем табе капліцу, і ты зможаш спраўляць абрады.