Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 21
Джон Фінемар
— Добра, я пайду з вамі,— адказаў манах Тук. — Душа мая імкнецца да вашага слаўнага брацтва, і я буду вашым свяшчэннікам і спавядальнікам. Вазьму з сабой сабак, мы будзем хадзіць з імі на паляванне і загонім не аднаго аленя.
Вось якім чынам у атрадзе Робін Гуда паявіўся славуты брат Тук, які потым стаў адным з герояў шматлікіх народных песень і балад.
Раздзел шосты
Робін Гуд і журботны рыцар
Аднойчы апоўдні, праз некалькі тыдняў пасля таго, як да ляснога брацтва далучыўся манах Тук, Робін Гуд стаяў, прыхіліўшыся да дрэва, у глыбокім роздуме.
— Атаман, — сказаў яму Маленькі Джон, — чым стаяць тут у адзіноце, ты б лепш паназіраў, як гатуецца абед. А абед будзе багаты, нават кароль палічыў бы за гонар пачаставацца ім. Адзін наш чалавек прынёс свежай аленіны, другі некалькі птушак, ёсць у нас і яшчэ сёе-тое — кожны знойдзе сабе што-небудзь да смаку.
— Ты праўду гаворыш, Маленькі Джон, — сказаў Робін Гуд, — але мне нешта не хочацца абедаць без гасцей. Вось вазьмі і прывядзі якога-небудзь барона, біскупа ці нарманскага рыцара. Ён папалуднуе са мной і заплаціць па рахунку.
— Гэта ўжо абавязкова, — засмяяўся Маленькі Джон. — I якім бы цяжкім ні быў у яго кашалёк, калі прыйдзе, ён не будзе адцягваць яму кішэню, калі пойдзе.
— Прыхапі свой добры лук, — сказаў Робін Гуд, — вазьмі з сабой Мача і Уіла Скарлета, ідзі на Уолтынгскі бальшак і, можа, стрэнеш каго-небудзь.
I трое разбойнікаў пайшлі да вялікай дарогі, схаваліся ў густым ляшчынніку. Спярша па дарозе праехала жанчына на прыгожым верхавым кані з цэлай світай слуг. Разбойнікі пазналі жонку нарманскага барона, але нападаць на яе не сталі, бо любой жанчыне, хто б яна ні была, з іх боку небяспека не пагражала. Затым прайшлі некалькі сялян-ёменаў, якія вярталіся з кірмашу. Маленькі Джон з таварышамі са свайго сховішча чулі, як яны хваліліся адзін аднаму, колькі сярэбраных манет вытаргавалі за кароў. Разбойнікі толькі весела пераміргнуліся і прапусцілі іх — Робін Гуд ніколі і пальцам не кранаў здабытак беднякоў.
Раптам Маленькі Джон ускінуў лук і паказаў рукой у прасвет між кустоў. Мач і Уіл зірнулі і ўбачылі на дарозе коннага рыцара. Спачатку яны падумалі, што спыняць яго не варта: адзенне на ім было пакамечанае, на латах іржавыя плямы, твар сумны і роспачны.