Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 19

Джон Фінемар

Надоўга застаўся ў памяці Робін Гуда той пераход цераз рэчку з манахам на спіне. Ніхто, мусіць, не важыў столькі, як гэты манах. Робін Гуд сагнуўся ў тры пагібелі пад цяжарам яго цела. Яму здавалася, яшчэ крыху — і затрашчыць, пераломіцца пазваночнік. Да таго ж Робін Гуд не ведаў гэтага броду. Ён правальваўся ў яміны, коўзаўся на слізкіх камянях і не раз быў на валаску ад таго, каб не пляснуцца ў ваду.

Манах тузаў яго за валасы, біў абцасамі, як наравістага каня, калі той упарціцца. Нарэшце, сапучы і хапаючы ротам паветра, Робін Гуд данёс яго да берага, і манах лёгенька саскочыў на зямлю. Хоць з выгляду гэты грузны царкоўнік быў няўклюдны і непаваротлівы, на самай справе ён быў вельмі жвавы і спрытны. У той момант, каліманах стаў на зямлю, Робін Гуд схапіў яго за нагу і паваліў. Манах грымнуўся на дол не то са свінячым рохканнем, не то з парасячым віскам. Робін Гуд выхапіў з ножан меч і стаў над сваім пераможаным праціўнікам, шлем якога адляцеў мо на тры ярды.

— Ты прайграў, манах, — сказаў Робін Гуд. — А мне ўсё ж трэба пераправіцца на той бераг. Таму абяцай, што зноў панясеш мяне цераз рэчку, a то раскалю тваю пляшывую галаву на два чарапкі!

— Абяцаю, — сказаў манах, як толькі перавёў дух, бо занадта злавесна паблісквала над яго лысінай сталь цяжкага мяча.

Манах не скардзіўся на лёс, Hi слова не сказаў, Зноў бродам Робіна панёс I сярод рэчкі стаў.

Робін Гуд падумаў, што ён шукае апоры нагам, і засмяяўся. Цяпер ужо не ён, Робін Гуд, а манах коўзаецца на слізкіх камянях і боўтаецца ў ямінах. Але смех раптоўна замёр на яго вуснах: манах нечакана моцна сцепануў плячамі і Робін Гуд кулём паляцеў у ваду.

— А зараз, прыяцель, выбірай, што лепш — тапіцца ці плысці! — загарлаў манах і пабрыў да свайго берага.

Плынь падхапіла Робін Гуда, але ён паспеў ухапіцца за доўгае вецце ракіты, што навісала над самай вадой, падцягнуўся і вылез на сушу. Пашукаў вачамі свайго праціўніка і на процілеглым беразе ўбачыў дзябёлую постаць. Тоўсты румяны твар манаха расплыўся ў шырокую ўсмешку. Ён бачыў, як Робін Гуд караскаўся на бераг, як з яго ручаямі цякла вада.

— Хутка ты не гэтак засмяешся, мой попік! — крыкнуў яму Робін Гуд, падскокваючы то на адной, то на другой назе, каб з вушэй вылілася вада.

Раптам ён схапіў лук і пусціў стралу са страшнай сілай. Хоць цэль была зручная і адлегласць невялікая, ды манах выкруціўся, імгненна падставіў шчыт і спрытна адбіў стралу. Так паўтаралася раз за разам, пакуль не апусцеў калчан Робін Гуда. Манах заспяваў сваім грымучым голасам, нібы жаба-вол у балоце:

— Страляй, страляй, мой юны пан, Твае не страшны стрэлы. Хоць апустош увесь калчан, Я застануся цэлы.

— Гэта яшчэ не ўсё! — крыкнуў яму Робін Гуд. — Раз не ўдалося дастаць цябе з лука, жабрачы ты манах, я пакажу некалькі прыёмаў мячом, — і ён скочыў у ваду. Манах убачыў, што разбойнік хоча напасці на яго, падбег да свайго шлема і надзеў яго сабе на круглую, як качан, галаву, выхапіў з ножан меч, прыкрыўся шчытом і стаў у пазіцыю. Робін Гуд выскачыў на бераг і імкліва атакаваў яго. Пачаўся жорсткі, упарты паядынак. Блішчалі доўгія клінкі мячоў, калі байцы высока ўзнімалі іх, каб з размаху апусціць на праціўніка, звінела сталь шчытоў, якія сустракалі і адбівалі ўдары. Размахваючы мячамі, праціўнікі кружыліся па беразе адзін вакол аднаго, то сыходзіліся, то разыходзіліся. Робін Гуд спрытна мяняў пазіцыю, стараўся знайсці слабае месца праціўніка. Адважны манах удала абараняўся.