Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 18
Джон Фінемар
«Здаецца, яго я і шукаю, — падумаў Робін Гуд. — Калі ён манах, дык гэта ваяўнічы манах і якраз той чалавек, пра якога гаварыў Уіл Скарлет».
Робін Гуд спешыўся, прывязаў каня да цярноўніку і пайшоў наперарэз манаху па сцежцы, што збягала да рэчкі і працягвалася на другім беразе.
«Там, відаць, брод, — вырашыў Робін Гуд, і я перабяруся цераз рэчку, не намачыўшы ног. Манах перанясе мяне на сваіх плячах. Але куды ён дзеўся?»
Дзябёлая постаць знікла ў прыбярэжных кустах, ды неўзабаве вынырнула зноў. Манах ішоў назад. Аказалася, ён расхаджваў па беразе з малітоўнікам у руках і нараспеў чытаў нейкі псалом ды так гучна, што здавалася, бык раве. Раптам ён спыніўся на паўслове. Там, дзе сцежка падыходзіла да рэчкі, стаяў незнаёмы чалавек з крута выгнутым лукам і стралой на цеціве і цэліўся ў яго.
Шмат хто прыйшоў бы ў замяшанне ад такой нечаканасці, але манах застаўся зусім спакойны. Ніводная жылка не варухнулася на яго круглым пухлявым і румяным твары. У маленькіх свіных вочках, амаль схаваных у тлустых складках шчок, было больш цікаўнасці, чым трывогі.
— Сын мой, — сказаў ён, — ты можаш апусціць свой лук і схаваць стралу. Калі ты наважыў абрабаваць мяне, дык моцна памыліўся: у мяне і гроша ломанага ў кішэні няма. Рабаваць манаха-жабрака — тое самае, што спрабаваць папалуднаваць сухім маслаком. Манахі нашага манастыра далі зарок беднасці. А калі ў цябе другое наўме, дык, розуму не дабяру, навошта табе цэліць у мяне: мы з табой адзін аднаго нават і ў вочы не бачылі.
— He, манах, — сказаў Робін Гуд, — мне не патрэбны ні тваё жыццё, ні кашалёк. Я адно хачу, каб ты дапамог мне пераправіцца бродам цераз рэчку, бо пасля дажджу ён зрабіўся вельмі глыбокі. Дык перанясі мяне на другі бераг.
Манах нічога не сказаў, толькі твар скрывіў так смешна, што Робін Гуд ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. А манах беражліва схаваў свой малітоўнік, нахіліўся і ўзваліў Робін Гуда на сваю шырокую, тоўстую спіну.
На другім беразе Робін Гуд жвава саскочыў з плячэй манаха і павярнуўся да яго, каб падзякаваць. Але манах раптам схапіў яго жалезнай хваткай і прыставіў да горла кінжал.
— Што гэта значыць, манах? — спытаў Робін Гуд. — Ты хочаш маёй крыві? Хіба не ведаеш, што духоўнай асобе забараняецца праліваць чалавечую кроў?
— Калі праліецца кроў, сын мой, вінаваты будзеш ты сам, — адказаў манах і злавесна рагатнуў.— Хочаш застацца цэлы, выконвай мой загад. Адмовішся, і лязо ўвойдзе на пяць пальцаў табе ў горла.
— А які твой загад?
— На тым беразе застаўся мой малітоўнік. Зрабі ласку, перанясі мяне цераз гэтую халодную рэчку, каб я мог узяць малітоўнік.
Нічога не зробіш, давядзецца пераносіць манаха. Іншага выйсця няма: нож каля яго горла, і ў гэтага манаха-жабрака бычыная сіла і голас таксама як у быка. Робін Гуд пакорліва падставіў спіну і ўзваліў на сябе грузнае цела манаха, амаль такое ж ушыркі, як і ўдоўжкі.