Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 17

Джон Фінемар

— А вялікі рагач, якога я падстрэліў, будзе маім першым укладам у агульную справу, — засмяяўся Уіл Скарлет. — Давайце наладзім сяброўскі абед з нагоды майго ўступлення ў вашу паважаную кампанію.

Робін Гуд таксама засмяяўся і запляскаў у далоні.

— Мы з Маленькім Джонам якраз хацелі здабыць дзічыны, калі ты раптам выйшаў на паляну, — сказаў ён. — Я ўжо выбраў гэтага важака, але ты апярэдзіў мяне. Што ж, панясём яго тушу ў наша прыстанішча. Сёння мы добра пабалюем і наядзімся цудоўнай аленіны.

Раздзел пяты

Сустрэча з манахам

Аднойчы Робін Гуд сабраў Пад шатамі дубоў Для спрытных гульняў і забаў Сваіх лясных сяброў.

Пагодлівым летнім днём, калі лес стаяў у прыгожым зялёным убранні і сонца аздабляла мяккі дзірван ажурнымі ўзорамі святла і ценю, у стралкоў Робін Гуда было так прыемна на душы, што ім захацелася наладзіць сабе свята і павесяліцца. Яны бегалі навыперадкі, скакалі з разбегу, біліся на дубінках, пускаліся ў скокі — забаўляліся, як дзеці. Нарэшце надышла чарга самаму любімаму іх спаборніцтву — стральбе з лука.

Яны разбіліся на групы і рассыпаліся па лесе ў пошуках аленяў. З Робін Гудам пайшлі Маленькі Джон, Мач Млынароў сын і Уіл Скарлет. Неўзабаве яны ўбачылі статак аленяў, які пасвіўся на далёкім лужку. Робін Гуд сказаў:

— Алені выйшлі на папас. А вунь які самец За футаў мо пяцьсот ад нас! Хто трапіць — той стралец!

Уіл Скарлет пацэліў у маладога аленя, Мач трапіў у аляніцу. Маленькі Джон напяў свой магутны лук. Яго страла са свістам праляцела добрыя пяць соцень футаў і ўпілася ў грудзі вялікага рагача.

— Вось гэта стрэл! — усклікнуў Робін Гуд. — Малайчына, Маленькі Джон! Я не паленаваўся б прайсці сто міль, каб ведаў, што знайду чалавека, які страляе так, як ты.

Уіл Скарлет засмяяўся:

— Хадзіць гэтак далёка не трэба, Робін. Ты можаш знайсці раўню Маленькаму Джону значна бліжэй.

— А дзе ж?

— Дзе? У Манастыры ля Крыніц. Там ёсць манах жабрачага ордэна. Яму па сіле любы лук, нават самы вялікі і тугі. У меткасці ён паб’е Маленькага Джона ды і цябе заадно.

Гэты манах вельмі зацікавіў Робін Гуда. Яму захацелася залучыць да сябе яшчэ аднаго спрытнага стралка, і ён пакляўся перад сваімі таварышамі, што знойдзе таго манаха што б там ні было. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Даў Робін Гуд сабе зарок He есці і не піць, Пакуль удалы той стралок Да іх не пойдзе жыць.

Робін Гуд сеў на каня і паехаў. Ён добра ўзброіўся ў дарогу. На ім былі кальчуга і сталёвы шлем, на баку добры меч, на руцэ невялікі круглы шчыт, на поясе калчан са стрэламі, а на плячы вялікі лук.

Нарэшце Робін Гуд апынуўся ў прыгожай даліне, дзе стаяў Манастыр ля Крыніц. Яго руіны яшчэ і сёння ляжаць там. Між берагоў бруілася рака — сярэбраная стужка на зялёным дыване раўніны. Робін Гуд прытрымаў каня: хацеў акінуць вокам краявід, і раптам заўважыў чалавека, які ішоў берагам рэчкі. Хоць чалавек быў у плашчы манаха-жабрака, падпяразаным вяроўкай, на галаве ў яго быў сталёвы шлем, а на баку меч і круглы шчыт.