Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 13

Джон Фінемар

Робін Гуд пабрыў да берага, выбраўся з ручая, ухапіўшыся за галіну калючага глогу, і затрубіў у свой паляўнічы ражок.

Яшчэ не сціхлі над далінай гукі ражка, падхопленыя рэхам, як на дарозе паказаліся верныя стралкі Робін Гуда. Наперадзе ўсіх беглі Мач, Уот і Уіл — спяшаліся на выручку свайму атаману.

— Што здарылася? — крычаў Уіл Ст’ютлі, падбягаючы да мастка.

— Што гэта значыць? Ты мокры да ніткі, з цябе льецца вада! Ты ўпаў у ручай?

— Ага, — адказаў Гуд, — і вунь стаіць той, хто памог мне ўпасці,— ён паказаў на высокага незнаёмца.

— Тады і яму туды дарога! — у адзін голас закрычалі Уіл, Мач і Уот. — Проста ганьба адпусціць яго на ўсе чатыры бакі пасля таго, як ён абышоўся гэтак з нашым атаманам. У ваду яго, хлопцы!

Незнаёмец падрыхтаваўся абараняцца, ды нават его волатаўскай сілы не хапіла б, каб супрацьстаяць араве раз’юшаных сялян. Але Робін Гуд загадаў ім спыніцца:

— Нe чапайце яго, хлопцы. Нe трэба крыўдзіць гэтага адважнага чалавека. Ён перамог у сумленнай бойцы, і ў мяне няма на яго злосці. Наадварот, я хацеў бы пасябраваць з такім майстрам арудаваць дубінай. Далучайся да нас, — звярнуўся Робін Гуд да незнаёмца, — уступай у наш атрад. Для такіх дужых рук у нас заўсёды знойдзецца справа.

— Перш скажыце, хто вы, — сказаў незнаёмец. — Я прысягнуў, што буду ў падначаленні толькі аднаго чалавека, і вось блукаю ў пошуках яго.

— Я Робін Гуд, — пачуў ён у адказ.

— Робін Гуд? — радасна ўсклікнуў незнаёмец. — Шчаслівы дзень! Якраз яго я і шукаю. Думаў, пайду ў Шэрвудскі лес, папрашуся да яго ў кампанію, калі можна.

— Можна, можна! — сказаў Робін Гуд. — Я з радасцю прыму цябе. Такіх навічкоў не кожны дзень знойдзеш. А цябе як завуць?

— Рука вось мая, — незнаёмы сказаў.— Ў маёй вернасці не сумнявайся. Я Мезенец Джон, мне адвага — закон, Ты заўжды на мяне спадзявайся.

Пачуўшы імя і прозвішча гэтага волата, Уіл Ст’ютлі засмяяўся:

— Джон Мезенец! Ну сапраўды хлопчык з ногцік! Трэба яго перахрысціць. Ён у нас навічок, дык і назавём яго па-новаму.

— А як? — спытаў Мач.

— Ну, раз дзіцятка ўрадзілася такое кволенькае і шчупленькае, ахрысцім яго Маленькім Джонам.

Усе засмяяліся. Назваць такога бамбізу Маленькім! Але мянушка ім спадабалася, і прапанову прынялі.

— А цяпер трэба ўрачыста адзначыць гэту падзею, — сказаў Уіл Ст’ютлі.— He кожны дзень да нас прыходзіць такая магутная падмога.

Уся кампанія паглыбілася ў лес, і неўзабаве на зямлю ўпалі, падбітыя меткімі стрэламі, дзве сытыя лані. Прыхапіўшы здабычу, людзі Робін Гуда вярнуліся ў сваё прыстанішча — у прасторную пячору ў скале, надзейнае сховішча ад ворага.

Неўзабаве там палала вялікае вогнішча, смажылася мяса. Разбойнікі наладзілі ўрачысты абед — елі свежую аленіну і запівалі элем. Калі банкет скончыўся, пачаліся спевы пад арфу і скокі — весяліліся ўволю. Над усімі ўзвышалася галава Маленькага Джона, які потым праславіўся стойкасцю духу і цвёрдасцю рукі і чыё імя праслаўлялася ў народных баладах, можа, толькі крыху менш, чым імя легендарнага атамана Робін Гуда.