Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 14
Джон Фінемар
Раздзел чацвёрты
Яшчэ адзін навабранец
Неяк раз пасля таго, як Маленькі Джон далучыўся да ляснога атрада, яны з Робін Гудам пайшлі пашукаць сытага аленя, бо ў дупле дуба, што служыў кладоўкай для мяса, было ўжо зусім пуста.
Апаўдня на краі шырокай паляны, парослай сакавітай травой, яны ўбачылі ладны статак аленяў.
— Вунь рагач, якраз такі, як нам трэба, — паказаў Робін Гуд Маленькаму Джону на важака, які спакойна скуб траву збоку ад свайго статка.
— Адсюль яго дастаць зручней, — сказаў Маленькі Джон. — Вецер дзьме збоку статка. Я падыду з наветранага боку, ён мяне пачуе, кінецца сюды, і тут ты яго падстрэліш.
План Маленькага Джона быў ухвалены, і ён памкнуўся ісці, але раптам замёр на месцы і паказаў рукой на край лесу. Робін Гуд зірнуў туды і ўбачыў маладога чалавека, які толькі што выйшаў на паляну па лясной сцяжынцы. На ім было ўсё пунсовае, у руках ён трымаў лук даўжынёй пад свой рост, на баку вісеў шырокі нож. Важак аленяў убачыў ярка-чырвоную постаць, угнуў галаву, наставіў рогі і пачаў грэбці капытамі зямлю.
— Хто там гэтак ярка ўспыхнуў? — спытаў Робін Гуд.
— He ведаю, — ціхенька адказаў Маленькі Джон. — Ён нетутэйшы.
— Вядома, не! — пагадзіўся Робін Гуд. — Яго пунсовае ўбранне — як полымя сярод дрэў. У лес апрануўся б лепш у зялёнае. Відаць, нейкі гарадскі франт выбраўся пагуляць у лесе.
Але ў гэты момант яны ўбачылі такое, ад чаго ажно ўскрыкнулі ад захаплення.
Чалавек у пунсовым прыладзіў цеціву да лука, узяў з калчана стралу і паклаў на цеціву. Яго рэзкія рухі ўспудзілі важака, той падаў трывожны сігнал, і ўвесь статак імкліва кінуўся ў лес. Некалькі самак акружылі важака, нібы прыкрываючы яго ад небяспекі, і трапіць у яго стралою было амаль немагчыма. Але ўжо каля самага лесу важак на момант вырваўся наперад. Хапіла і гэтага кароткага імгнення. Цеціва глуха зазвінела, страла сарвалася з лука, і рагач грымнуўся на зямлю — страла ўваткнулася ў яго плямісты бок аж да самага апярэння.
— Цудоўны стрэл! — прашаптаў Робін Гуд. — He, гэта не гарадскі франт, Маленькі Джон. Пачакай тут, я пайду пагавару з ім.
Маленькі Джон застаўся ў зарасніку, а Робін Гуд пайшоў па паляне да паляўнічага, які ўжо стаяў каля сваёй здабычы.
— Выдатны стрэл! Майстэрскі! — сказаў Робін Гуд, падыходзячы да яго. — Ты адпусціў цеціву якраз у патрэбнае імгненне, незнаёмец!
Чалавек моўчкі холадна зірнуў на яго.
— Мне патрэбны меткія стралкі,— гаварыў далей Робін Гуд. — Хочаш служыць у мяне?
— А хто ты такі? — з пагардай адказаў малады чалавек у пунсовым. — Чаму я павінен служыць у цябе? Ты сам з леснікоў?
— Ага, прыблізна.
— I пасвіш аленяў для караля?
— Правільна. Для караля Шэрвудскага лесу!
— Што англійскі кароль, што шэрвудскі, мне ўсё адно, — манерна расцягваючы словы, прамовіў франт. — Ідзі сваёю дарогай, добры шэрвудзец, і не дакучай мне. Ты мне зусім не патрэбны.