Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 15
Джон Фінемар
— А калі не пайду, што ты зробіш?
— Клянуся, цябе чакае добрая лупцоўка.
«Відаць, не баязлівец, — падумаў Робін Гуд. — Зараз праверу, ці такі ён храбры, як здаецца».
Чалавек у пунсовым пачаў спакойна, не зважаючы на Робіна, разглядаць рогі забітага ім аленя. Робін Гуд ціхенька паклаў стралу на цеціву, тупнуў нагой і крыкнуў:
— Беражыся!
Калі чалавек павярнуўся да яго і убачыў выгнуты дугою лук і нацэленую ў грудзі стралу, ён не змяніўся з твару і нават не варухнуў брывом, а толькі сярдзіта сказаў:
— Ідзі сваёй дарогай, чалавеча. Што за блазенская гульня?
— Па-твойму, страла між рэбраў — блазенская гульня? — грозна прамовіў Робін Гуд. — Я лясны разбойнік і вораг такіх шыкоўных франтаў, як ты. Кінь мне пад ногі свой кашалёк і не марудзь, калі табе жыццё дарагое.
— А-а… значыць, ты з той шайкі? — сказаў малады чалавек з лёгкім здзіўленнем у голасе. — Што ж, страла на цеціве — важкі аргумент! — і ён зрабіў рух, быццам хацеў адвязаць ад пояса кашалёк, але выхапіў з калчана стралу і ўмомант паклаў яе на лук. Цяпер абодва, і ён і Робін Гуд, цэліліся адзін у аднаго.
У Робіна Гуда і ў галаве не было страляць у гэтага чалавека.
— Стой! — выгукнуў ён. — Мы ж заб’ём адзін аднаго, і хто ад гэтага выйграе?
— На мой розум, ніхто, — спакойна адказаў незнаёмы. — Але ж гульню пачаў не я, а ты.
— Тады я канчаю яе, — і з гэтымі словамі Робін Гуд паклаў стралу ў калчан.
Незнаёмец зрабіўтое самае і моўчкі чакаў, што будзе далей.
— У цябе ёсць меч і шчыт, — сказаў Робін Гуд, — у мяне таксама. Проста ганебна разысціся, не даведаўшыся, хто з нас лепшы баец.
Яны пайшлі на роўную дзірваністую палянку пад магутным разложыстым дубам.
Бліснулі шырокія клінкі, і паядынак пачаўся. Лясь, лясь! — стукалі цяжкія мячы па моцных шчытах, якія праціўнікі спрытна падстаўлялі пад лязы мячоў. Бой доўжыўся добрыя паўгадзіны, і ніхто не меў перавагі, ніхто не адступіў ні на крок, і ні разу клінок не дакрануўся да цела.
Нарэшце паядынак скончыўся пасля ўдалага выпаду незнаёмца. Робін Гуд не паспеў адбіць удар мяча, кончык клінка рассек лоб каля валасоў, і кроў заліла вочы Робін Гуду. Больш біцца ён ужо не мог, бо нічога не бачыў.
Як толькі паранілі атамана, Маленькі Джон выскачыў са свайго сховішча і кінуўся да дуба.
— Дай мне свой меч, — крыкнуў ён Робін Гуду, — і няхай гэты малойчык паспрабуе перамагчы мяне! Я ўмею біцца на мячах са шчытом!
— He, Маленькі Джон, не! — адказаў Робін Гуд, выціраючы кроў.— Даволі звону мячоў! Ганьба ставіць свежага чалавека супраць таго, хто доўга і храбра змагаўся. Ён сумленны праціўнік, ён не атакаваў мяне, калі мне заліло вочы.
— Што ж, мой абавязак — слухацца, — прабурчаў Джон, — але мне крыўдна, як падумаю, што гэты моднік будзе выхваляцца перад сваімі прыяцелямі, што пусціў кроў самому Робін Гуду і застаўся цэлы і здаровы.
I тут незнаёмца пакінулі абыякавасць і спакойная стрыманасць.