Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 11
Джон Фінемар
Навіна, якую прынёс шавец з Нотынгема, спраўдзілася. Шэрыф выправіў супраць мяцежнікаў вялікі, добра ўзброены атрад. Стражнікаў было так многа, што людзі Робін Гуда пакінулі Шэрвудскі лес і стаіліся ў другой вялікай пушчы — Барнасдэйлскай, у графстве Йоркшыр. Але шэрвудскае прыстанішча падабалася ім больш, і яны вярнуліся туды, як толькі дачуліся, што раз’юшаны шэрыф ужо не шукае іх.
Робін Гуд зразумеў, што ў яго вельмі маленькае войска, каб супрацьстаяць нарманскім карнікам, і пачаў шукаць адважных і спрытных людзей. ІНмат вольных сялян — ёменаў, якіх давялі да роспачы жорсткія паны, імкнулася далучыцца да яго атрада, але Робін Гуд браў толькі самых смелых, самых дужых і верных. Калі ён дазнаваўся, што ў лесе з’явіўся храбры і кемны чалавек, ён рабіў усё, каб залучыць яго ў атрад, і рэдка калі цярпеў няўдачу. I мала-памалу вакол яго згуртаваліся самыя адборныя малайцы, выдатныя стралкі з лука. Пра іх нават пайшла пагалоска, што адзін стралок Робін Гуда варты чатырох звычайных.
Неяк адным сонечным ранкам Робін Гуд і некалькі яго таварышаў гулялі па лесе. Выйшлі на ўзлессе, і перад імі адкрыліся палі і лугі.
— Схавайцеся за дрэвамі,— сказаў Робін Гуд сваім спадарожнікам. — Выходзіць усім нельга, на нас могуць звярнуць увагу. Далей я пайду адзін, пагляджу, можа, падвернецца што-небудзь вартае — праедзе багаты рыцар ці які царкоўнік, і мы пазбавім яго пузаты кашалёк ад лішняга грузу. Калі будзе патрэба, я падам знак ражком.
Мач, Уіл, Уот і іншыя засталіся за дрэвамі, а Робін Гуд пайшоў. Ён дабраўся да бальшака, нікога не ўбачыў і пайшоў па ім. Неўзабаве трапілася яму па дарозе рачулка. Коні маглі перайсці яе ўброд, а пешаходы перабіраліся на другі бок па вузкім драўляным мастку без поручняў. Калі Робін узышоў на мост, насустрач яму пайшоў рослы дужы дзяцюк. Кожны з іх думаў, што другі ўступіць дарогу, і яны сустрэліся твар у твар на самай сярэдзіне мастка.
«Святая дзева! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Гэта ж якраз той, хто мне трэба. Вось каб залучыць яго да сябе! Зараз паглядзім, ці столькі ў яго адвагі, колькі росту».
I сапраўды, такога велікана не кожны дзень сустрэнеш. Ён быў на галаву вышэйшы за Робін Гуда, з шырокімі плячамі, выпуклымі грудзямі, даўгарукі і даўганогі, з выгляду дужы, як буйвал. На твары — сама дружалюбнасць, у карых вачах вясёлы агеньчык, але ўся яго істота выказвала рашучасць, і ясна было, што стаяць на яго дарозе небяспечна.
— Дай мне дарогу, чалавеча! — сказаў яму Робін. — Чаму ты пайшоў, раз бачыў, што я ўжо ступіў на мост і што ён не такі шырокі, каб разысціся дваім?
Незнаёмец трымаў у руках тоўстую дубіну сем футаў даўжынёй. Ён спакойна стаяў на мастку, абапіраючыся на яе, і, усміхаючыся, сказаў:
— А чаму гэта я павінен даваць табе дарогу, стралок? Колькі жыву на свеце, ніколі яшчэ нікому дарогі не саступаў, можаш паверыць. Дык з якой прычыны зраблю гэта сёння?
— Што? — закрычаў Робін Гуд, — Ты мне пярэчыш? Тады я з табой пагавару па-нотынгемску, прыяцель мой велікарослы. — Робін паклаў стралу на лук і нацягнуў цеціву да самага вуха. — Прэч з дарогі! Тваё жыццё ў маіх руках. Гэтая страла праткне цябе перш, чым ты паспееш падняць сваю дубіну.