Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 12
Джон Фінемар
Робін гаварыў так, каб паглядзець, ці спалохаецца гэты чалавек, але той выслухаў яго зусім спакойна, быццам яму сказалі: «Добры дзень!»
— Гэтак робяць баязліўцы, — сказаў незнаёмец. — Вось я стаю перад табой з адной дубінай у руцэ, а ты пагражаеш мне вялікім лукам і вострай стралой. Толькі баязліўцы гэтак робяць.
Робін кінуў на дол свой цісавы лук і калчан са стрэламі, пабег да густога гайка каля рэчкі і выразаў з карлікавага дуба тоўстую палку. Калі ён вярнуўся назад з палкай у руцэ, незнаёмец усё яшчэ стаяў на мастку, абапёршыся на сваю дубіну.
— Дзе сышліся, там і біцца будзем, — сказаў Робін Гуд. — Пераможа той, хто саб’е праціўніка ў рэчку.
— Згода! — адказаў велікан.
Праціўнікі сталі твар у твар, апасліва пазіраючы адзін на аднаго, схапілі свае дубіны пасярэдзіне, гатовыя да нападу ці абароны.
Спярша праціўнікі рабілі падманныя і сапраўдныя выпады, адбівалі іх — кожны шукаў слабае месца ў абароне другога. Першы нанёс трапны ўдар Робін Гуд. Ён зрабіў выгляд, што хоча ўдарыць праціўніка па галаве, той адразу прыкрыўся дубінай, але Робін Гуд спрытна перахапіў сваю палку, імгненна змяніў напрамак удару і агрэў незнаёмца па рэбрах.
Велікан злосна агрызнуўся і размахнуўся, каб нанесці ўдар. Ды Робін Гуд спрытна ўхіліўся і сам стукнуў праціўніка па плячы, але той, як ні ў чым не бывала, схапіў сваю дубіну абедзвюма рукамі і зноў размахнуўся, цэлячыся Робіну ў галаву. Толькі праворнасць выратавала Робіна, і ён не паляцеў кулём у рэчку. I ўсё ж дубіна злёгку зачапіла галаву, рассекла скуру на макаўцы, і тонкі ручаёк крыві пабег па скроні.
Робін Гуд не на жарты ўзлаваўся, і на праціўніка пасыпаўся град хуткіх, як маланка, удараў. Цяпер волат толькі абараняўся.
Зноў і зноў наносіў Робін Гуд трапныя ўдары па праціўніку, але ён не адступаў ні на пядзю і стойка абараняўся. I раптам адплаціў Робін Гуду за ўсё адным рашучым ударам. З усяго размаху сваіх доўгіх рук, у які ён уклаў усю сваю моц, ён апусціў цяжкую дубіну на Робін Гуда. Той паспеў падставіць кій, але з такім жа поспехам мог бы паспрабаваць адбіць удар грому. Кій з трэскам разляцеўся напалам, дубіна, толькі крышачку страціўшы сілу, ударыла Робін Гуда, і ён апынуўся ў ручаі. Пад мастком быў глыбокі вір, і Робін Гуд знік у ім з галавой. Праз момант вынырнуў, хапаючы ротам паветра.
— Ха-ха, пан стралок! Ну, дзе ты цяпер? — зарагатаў незнаёмец.
— Слова гонару, здаецца, я такі сеў у лужыну, — адказаў Робін Гуд, адплёўваючыся, бо наглытаўся сцюдзёнай вады. — Ты перамог. Шчыра скажу, ты храбры баец і перамога твая бясспрэчная.