Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 102
Джон Фінемар
— Чаго ты так спужаўся, Маленькі Джон? — здзівіўся Робін Гуд. — Сваё ты ўжо атрымаў, кулак гэтага здаравякі табе не пагражае.
Але Маленькі Джон не сунімаўся:
— Літасці, літасці, гасудар!
Ёмены няўцямна ўтаропіліся на волата. Тут на паляну выехаў сэр Рычард Лі. Як толькі рыцар убачыў абата, ён хуценька саскочыў з каня і стаў на калена побач з Маленькім Джонам. Усе ад здзіўлення ажно ахнулі.
— Што верны рыцар можа зрабіць для свайго караля? — прамовіў сэр Рычард Лі.— Калі патрэбны мае паслугі, загадвайце, ваша вялікасць.
— Кароль! — усклікнуў Робін Гуд.
— Кароль! — рэхам пракацілася па лесе. Стралкі ўсе як адзін апусціліся на калені перад чалавекам у адзенні абата.
— Даруйце нам, ваша вялікасць, наш добры і слаўны гасудар, — сказаў Робін Гуд. — Пад гэтым запаветным дубам даруйце маім людзям і мне.
Рычард Львінае Сэрца ўсміхнуўся і сказаў:
— Я дарую вам — табе і тваім стралкам. Такім удалым малайцам лепш служыць свайму каралю, чым хавацца ад закону ў лесе. Што скажаш, Робін Гуд? Хочаш служыць мне?
— Вельмі хачу, гасудар, — адказаў Робін Гуд. — Я ваш верны слуга з гэтага дня і павек. — I ўся лясная вольніца паўтарыла яго словы і дружна прысягнула на вернасць Рычарду Львінае Сэрца.
— Можа, у цябе, Робін, знойдзецца якое-небудзь адзенне з зялёнай тканіны? — спытаў кароль. — Бо, клянуся гонарам, я ахвотна змяніў бы гэты змрочны ўбор на што-небудзь вясёленькае. — Рычард скінуў з сябе абацкую мантыю.
— У нас, ваша вялікасць, зялёных плашчоў і куртак шмат, — сказаў Робін Гуд, і неўзабаве кароль і яго спадарожнікі адзеліся ў зялёныя курткі і плашчы лясных разбойнікаў.
У гэтым убранні кароль і світа вярнуліся ў Нотынгем. З імі быў Робін Гуд і ўся яго лясная дружына.
Калі яны падышлі да горада, там узнялася паніка.
— Кароль забіты! — пачуліся крыкі.— На Нотынгем ідуць лясныя разбойнікі! Яны хочуць захапіць горад і ўсіх нас перабіць!
Людзі паспешліва пакідалі свае агароды, кавалі зачынялі кузні, старыя нямоглыя людзі таропка кандыбалі дадому, абапіраючыся на свае палкі.
Але хутка высветлілася, што паніку ўзнялі дарэмна. Увесь горад высыпаў на вуліцы сустракаць караля Рычарда. Ён ехаў у акружэнні зялёных стралкоў, якія ўжо не былі па-за законам, а сталі вольнымі падданымі караля і маглі з пагардаю глядзець у твар шэрыфу. Ганарысты шэрыф бялеў і чырванеў, змрочна пазіраючы на караля і Робін Гуда.
Увечары ў Нотынгеме наладзілі вялікі баль. Кароль шчодра частаваў былых разбойнікаў, якія так гасцінна прымалі яго ў Шэрвудскім лесе. Алан-а-Дэйл спяваў вясёлыя песні і прыгожа іграў на арфе. Рычард быў у захапленні ад спеваў, ад музыкі, ад вясёлага нораву людзей Робін Гуда. Ён гаварыў, што ніколі раней нічога лепшага не чуў і не бачыў.
Перад ад’ездам у Лондан кароль Рычард павянчаў Марыяну і Робін Гуда ў царкве Святой Марыі, узвёў Робін Гуда ў дваранскае званне, прысвоіў яму тытул графа Хантынгданскага.
З таго дня Робін Гуд стаў служыць пры двары караля Рычарда Львінае Сэрца і пакінуў лясныя паляны Шэрвуда, як ён думаў, назаўсёды.
Раздзел дваццаць чацвёрты
Апошняя страла Робін Гуда