Читать «Знак бяды» онлайн - страница 78

Васіль Быкаў

— Чырвонец аддаў, яшчэ два вінаваты. Напавер даў. Жыд адзін на станцыі.

Сцепаніда ляснула ў далоні.

— Тры чырвонцы, а-я-ёй! Ну, ты з глузду з'ехаў! Ашалеў на старасці год. Мы ж страхоўку яшчэ не заплацілі. Налог толькі за той год выплацілі, а ўжо новы прыслалі. Пені па нядоімцы набегла. Абуць нечага на ногі. Газы няма. Цукру з восені ані драбка, Фенечка без салодкага не есць нічога. Каб хоць булку якую купіць, а то скрыпку! І за такія грошы! Дзе ты цяпер возьмеш тыя чырвонцы? Хто табе дасць?

— У камуне заробім.

Сцепаніда злавалася, ледзь не плакала. Што ён гаворыць, гэты бязглузды чалавек, нашто яму скрыпка? У такі час? Калісь навучыўся трохі вадзіць смычком, раз на кірмашы ў мястэчку папрасіў у нейкага цыгана троху пайграць, яна стаяла поруч і пахваліла, дык ён загарэўся: куплю! І во знайшоў час і грошы — купіў, але не на радасць, хутчэй на бяду. Навошта ёй гэтая скрыпка? Ці да скрыпкі цяпер, калі не сёння, дык заўтра прыйдзецца завесці ў калгас каня, ссыпаць насенне, аддаць збрую, сані, калёсы, перайначыць усё жыццё на новы, нязнаны і немінучы лад. Ці да музыкі цяпер?!

Час так змяніўся, усе на вачах перайначваецца. Што засталося ад таго, як яны былі маладыя і з большаю сілай, а галоўнае — з такімі неспатольнымі марамі і спадзяваннямі?

14

Дужа недарэчная выдалася тым годам вясна, якая нямала дадала людзям турбот да іх і без таго немалых жыццёвых клопатаў.

Толькі што скончылася доўгая пакутная вайна, у вёскі і хутары пакрысе вярталіся дзецюкі і маладыя мужчыны, узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах, растаптаных гамашах з абмоткамі, з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікан надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё. Трэба было брацца за зямлю, араць і сеяць, каб было што з'есці налета. Зямля чакала і таксама бы рыхтавалася да свае адвечнае справы — радзіць хлеб. З Благавешчання добра прыгрэла сонца, за які тыдзень сагнала ўвесь снег, стала цёпла і амаль што суха ў полі. На Вербніцу Сцепаніда з Петраком збіраліся ў царкву і яшчэ пасварыліся трохі ранкам — надзявацца ці не. Пятрок угрэўся раніцай на падворку і хацеў ісці ў адной сарочцы, але Сцепаніда змусіла яго накінуць паддзёўку, і яны, трохі незадаволеныя адно адным, выйшлі з істопкі, каб сцяжынай цераз азіміну скіраваць наўпрасткі да мястэчка. Стары Яхімоўскі таксама выцягся з хаты на двор і стаяў на сугрэве ля прызбы — прыгорблены, тонкі ў сваім вузкім чорным каптане з густым радам да шыі зашпіленых гузікаў, абапёршыся на старадаўні з перламутравым убранствам кіёк і неяк бы з зайздрасцю глядзеў ім услед выцвілымі старэчымі вачыма. Якраз за тыдзень да таго ён пусціў іх на хутар, бо ў Петраковай сям'і на Выселках ім ужо стала неяк, Сцепаніда адразу не паладзіла са свякроўю і надоечы папрасіла пана Яхімоўскага, каб налета пусціў у істопку — усё роўна яна ўжо гаспадарыла на падворку і ў будынках, а новы парабак Пётра будзе ў помач, бо куды ж ён мог дзецца без хаты, без сваёй зямлі і гаспадаркі. Раней дык з вясны выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты — жанаты. Сцепаніда ласкава так папрасілася, і, мусіць, паважаючы яе чатырохгадовую адданасць хутару, Яхімоўскі пагадзіўся, сказаў: жывіце, месца хопіць, істопка цёплая. Тым больш — вясна на дварэ.