Читать «Знак бяды» онлайн - страница 77

Васіль Быкаў

— Тут, бач, яшчэ сабатаж, — сказала Сцепаніда. — Заўчора ж ён на сходзе ўпёрся і сарваў калгас.

Яна села на нізкі ўслончык і пачала разбэрсваць свае наледзянелыя за дарогу чуні. Пятрок за сталом не мог супакоіцца.

— Калі ўжо да такіх дайшла вочарадзь, дык што ж пасля будзе? Каго ж вы праз год-два будзеце раскулачваць?

— А тады, можа, не будзе каго. Усе ў калгас паўступаюць.

— Можа, і паўступаюць. Але як жа з класавай барбой? Класавая ж барба не адмяняецца?

— Можа, і адменяць. Калі ворагаў не стане. Дужа ты знаеш, — незадаволена абарвала яго Сцепаніда.

Сапраўды, што ён знаў, гэты цёмны мужык, які не хадзіў нават на сходы, рэдка калі браў у рукі газету, з начальствам ніколі не гутарыў. Мог толькі цьмяна меркаваць аб усім сваім небагатым мужыцкім розумам.

— Што гэта ў нас усё не так, як у людзей, — раздумна казаў Пятрок, пазіраючы на мільготкі агеньчык газнічкі. — Вунь на станцыі гаварыў з адным мужыком аднекуль з-пад Улы. У іх нічога. Ціха. І калгасаў не чуваць, ніхто не прыязджае, не заганяе. Нікога яшчэ не раскулачылі.

— Чакай, дабяруцца. У глушы, можа, жывуць. За балотам дзе.

— Можа, і за балотам. А ў нас?..

— А ў нас во, у раёне пад носам. Ды і з акругі не прамінаюць: пры дарозе ж. Яно і добра, што пры дарозе, у тым тожа выгода, — сказала Сцепаніда і ўспомніла: — Газы купіў?

— Далі. Адну літру. На пай. Дужа яе хопіць, гэтае літры?

— Ну колькі хопіць. А там падвязуць. Дарога ж усталявалася. А пра боты пытаўся?

— Боты? — неяк спалохана зірнуў на яе Пятрок, быццам толькі зараз успомніўшы пра боты. — Ботаў няма, — сказаў ён і ўстаў з-за стала — худы, невялічкі, з запалымі грудзямі стары. Так, стары, бо меў ужо пяцьдзесят год — не маладзён.

Пятрок адхінуў посцілку ў запечча і нешта ўзяў з ложка, на якім яны спалі.

— Во замест ботаў.

— Што гэта?

Яна недаўменна пераняла з яго рук нейкі зграбненькі чорны футаральчык, нібы лёгенькую дзіцячую трунку, і не адразу сцяміла, што гэта і навошта.

— Скрыпка! — сказаў Пятрок.

— Здурнеў ты!

— Можа, і здурнеў.

— Гэта ж дорага, мусіць, — спалохалася Сцепаніда. — Во, хадзіць няма ў чым. У Федзькі башмакі разваліліся, а ён — скрыпку! Яна ж вялікія грошы каштуе. Мусіць, усе дзесяць аддаў?

Пятрок ніякавата патэпаў каля яе, узяў футарал і беражным дотыкам закарэлых пальцаў разняў зашчапкі. Ашчадна, нібы дзіця, выняў адтуль чырвона-блішчастую скрыпачку з чорнай дэкай і прыгожа закругленымі выразамі па баках.

— Ты ж хацела, — вінавата напомніў Пятрок.

— Калі гэта я хацела? Калі тое было? Тады маладая была, дзяцей не мела. А цяпер… Ну, ты здурнеў! У што цяпер абуцца будзе, хоць босая хадзі, а ён — скрыпку! Калі ты на ёй граць будзеш — во зіма канчаецца. Сеяць скора…

— Ды ўжо, мабыць, адсеяўся, — апанурана сказаў Пятрок і адчужана адышоўся, сеў на лаву. Нядоўгая прыўзнятасць у настроі канчаткова пакінула яго. На стале побач з футаралам ляжала не кранутая смычком скрыпка.