Читать «Знак бяды» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Знак бяды

Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыпарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша — можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.

З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.

Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.

Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

1

З цярплівай ненасытнасцю карова скубла воглую зранку траву, як заўжды, мерна тупаючы сваім звыклым шляхам: каля гасцінца, па зарослай быльнягом канаве, невысокім прыдарожным адхоне, пасля цераз травяністы лапік ля белага, бы ўкормлены парсюк, валуна і далей да самага ўзлеску, што шырокай дугой ахопліваў палявы грудок з хутарам. Сцепаніда ведала, што на ўзлеску карова паверне ад дарогі ўбок — цераз пагорак да Баранняга Логу, і там ужо трэба глядзець пільней, каб не шмыганула куды далей з воч. Бабоўка на тое была спрытнюга, і не зважай, што пярэстая — белыя плямы па чорным, — а калі згубіцца, дык пабегаеш, шукаючы па хмызняках. Але гэта там, далей на ўзлеску, а тут дзецца ёй не было куды: невысокая насыпка дарогі ды голы прасцяг бульбянішча — тут можна і пасядзець у спакоі. І Сцепаніда прысланілася клубам да гладкага бока валуна, шчыльней саставіла ў траве босыя ногі і не пільна нават глядзела на тую Бабоўку.