Читать «Знак бяды» онлайн - страница 172
Васіль Быкаў
Гэтая думка прынесла маленькае супакаенне і была астатнім пробліскам яе спакутнелай свядомасці перад апошнім забыццём, з якога яна ўжо не ачнулася.
Яна ўжо не чула, як, дапятыя агнём, выскачылі з сяней паліцаі, не бачыла, як занялася полымем страха істопкі і вецер магутна раздзьмуваў яго, скіроўваючы ў бок хлява і пунькі, і як неўзабаве шырокае мора агню з трэскам, гулам і скрыгатам запанавала на ўсёй сядзібе, драпежна жаручы будынкі, дровы, бліжэйшыя да сцен дрэвы, платы, абсыпаючы падворак іскрамі і попелам.
Імклівыя раі іскраў і агнянае клочча саломы несліся ў начным задымленым небе над ровам да сасонніку і дарогі з ненавісным ёй мастком цераз дрыгвяністую рэчку Дзеравянку.
Пажар ніхто не тушыў, хутар гарэў грунтоўна і доўга — усю ноч, дагараў у наступны дзень, і паліцаі не падпускалі нікога блізка, самі трымаючыся воддаль, — баяліся выбуху бомбы.
А бомба на ўзроўку чакала свае пары.