Читать «Знак бяды» онлайн - страница 79

Васіль Быкаў

Вясна сапраўды шпарка каціла скрозь па абшарах, на касагорынах і ўзмежках порстка прабівалася зялёная траўка, дзецюкі і дзеўкі ў Выселках паскідвалі з ног лапці і пачалі хадзіць босыя — цяпер аж да восені. Пасля Благавешчання некалькі дзён і начэй запар над Галгофай і хутарам чулася радасна-трывожнае курлыканне журавоў — даўжэзныя, не дужа стройныя кліны іх знясілена валакліся ў ветраным небе на поўнач. На поплаве ў Бараннім Лозе ўжо з'явіўся аднекуль цыбаты аблезлы бацянок, спаважна хадзіў па багне, выглядаў жаб. Аднойчы ў сонечны ранак над полем азіміны пасыпалася з неба знаёмая песня жаўранка, і Сцепаніда, парадкуючы на падворку жывёлу, аж страпянулася ў радасці — і ад гэтае песні, і ад раптоўнага адчування шчасця.

Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па-зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак — чакаць.

У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім — вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе — яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы — можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся, і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.