Читать «Знак бяды» онлайн - страница 76

Васіль Быкаў

Здалёку на хутары пад ліпамі замігаў чырвоны агеньчык у акне, яна падумала: значыць, прыехаў Пятрок — і парадавалася маладой бабскай радасцю — уся сям'я ўрэшце сабралася, скончыліся дзённыя турботы, цяпер да заўтра душа спакойная. На белым ад месячнага святла падворку стаялі сані з рэштаю сена, конь ужо быў упарадкаваны, карміўся ў хляве. Можа, Пятрок разжыўся на газу, падумала Сцепаніда, бо ў газнічцы яе засталося дужа мала — на адзін, можа, вечар. Яшчэ наказвала папытаць наконт ботаў у аднаго знаёмага жыда-шаўца на станцыі. На боты, канешне, было мала грошай, усяго дзесяць рублёў, але, можа б, як дамовіўся напавер ці паабяцаў якую бараннюю лапатку, фунты два масла ці яшчэ чаго, як-небудзь сплацілі б. А то ў адных валёнках дваім яўна нявыкрутна, калі хто абуе, дык другому хоць сядзі дома, нікуды не вытыкайся. А вытыкацца трэба, як во сёння, кожны дзень не гэта, дык тое, усё клічуць, абавязваюць, трэба ісці-бегчы.

Дзверы ў сенцы былі не зашчэплены, яна пераступіла парог і зашчапіла іх, увайшла ў хату. Адразу сцяміла: дзеці ўжо спяць, у дымнаватым прыцемку хаты было ціха і цёпла, смярдзела газай і тытунёвым дымам, на канцы стала гарэла газнічка, і Пятрок пры ёй перабіраў нейкія паперкі, мусіць, квіткі, вывяраў плацяжы: што сплаціў, што пратэрмінавалі, колькі нарасло пені і што засталося.

— Даўно прыехаў? — сцішана запыталася Сцепаніда.

— А нядаўна.

— Еў што?

— Елі тут. Крупнік.

Яна пачала распранацца, павесіла на цвік кажушок, зняла з галавы цёплую хустку.

— Ну як камуна? — запытаў ад газнічкі Пятрок. — Сарганізавалі ўжо?

— Пастанавілі Гужа раскулачыць, — сказала яна аб іншым. — Прыязджаў Новік. Як сабатажніка і што наёмная сіла.

Пятрок падняў да газнічкі немалады, зморшчаны і зашчацінелы твар і ўважліва паглядзеў на яе. У ягоных вачах спярша адбілася трывожнае здзіўленне, якое хутка саступіла месца паныласці.

— Што робіцца на свеце! — трудна сказаў Пятрок. — Наёмная сіла. Якая наёмная сіла?

— А такая, — сказала яна. — Памагалі ставіць трысцен. Наймаў. І на жніве таксама.

— Бога на вас няма! — уздыхнуў Пятрок. — Раскулачыць. Наёмная сіла. У таго ж старшыні Лявона таксама была наёмная сіла. Як малацілі. Во, Ладзіміравы мальцы памагалі. Адной рукой што ж ён — і цэпам не ўдарыць. Дык і яго раскулачыць?