Читать «Знак бяды» онлайн - страница 80

Васіль Быкаў

— Пане Адоля! — гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, — у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі — затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.

Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна — прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.

Адольф Яхімоўскі паходзіў з нейкага старога шляхецкага роду, які некалі быў багаты, але патроху бяднеў, вузеў клінам, як казаў Яхімоўскі. Неяк, будучы ў добрым настроі, пан Адоля паказваў Сцепанідзе старыя пажоўклыя паперы з гербамі і абкрышанымі чырвонымі пячаткамі, у якіх былі апісаны ўсе ўладанні Яхімоўскіх-продкаў — і тут, і ў іншых мясцінах. Яго дзед меў фальваркі пад Дрысай, у Падсвіллі і яшчэ недзе, але гэты хутарок быў ці не апошнім прытулкам збяднелага роду, і хоць Адольф шэраг гадоў намагаўся з усіх сваіх старэчых сіл, каб захаваць калі не былое багацце, дык хоць бы рэшту былога гонару, тое яму ўдавалася кепска. Два ягоныя сыны, што нарадзіліся на хутары, бацьку памагалі слаба, абодва, падросшы, падаліся ў гарадское жыццё, ва ўніверсітэты ў Вільні і толькі калі-нікалі ўлетку наведваліся на хутар, але тыдні на два — не болей. Як пачалася вайна з немцамі і Вільня апынулася па той бок фронту, ад сыноў не было ніякае весткі, пан Адольф не любіў гаварыць пра тое, але Сцепаніда ведала: чакаў іх з апошняе надзеі, ды марна. Не дачакаўшыся, памерла старая Адоліха, гаспадарка і скаціна трымаліся Сцепанідзіным клопатам, а зямлю Яхімоўскі здаваў у арэнду — з палавіны ці як дамовяцца, на астатнюю наймаў на сезон парабкаў. Быў ён чалавек маўклівы, спакойны і ўвогуле не распешчаны жыццём, не злы — за тое болей за ўсё шанавала яго Сцепаніда і пільнавалася хутарскога хлеба. Хоць часам было не салодка, ведала: лягчэйшага не знайсці. Цяпер жа, учуўшы тую гаману ў хаце і нешта зразумеўшы, яна раптам адчула сябе на крутым павароце ў жыцці, толькі не магла даўмецца: у які бок той паварот — да лепшага ці благога. Але што надышла паваротка, тое было пэўна.

Зрабіўшы ўсё, што патрэбна было ў хаце, мужчыны павыходзілі на падворак аглядаць маёмасць. Пан Адольф з імі не выйшаў — унураны застаўся, як быў, пры стале на ўслоне, і яна пайшла паказваць начальнікам збожжа ў свірне, хлеў, двух коней, падсвінкаў. Захожыя лічылі і ўсё запісвалі на паперыну — і зерне ў засеках, і лён у павеці, і скаціну, і яна запыталася ў Цыпрукова, навошта гэтак яны правяраюць. Цыпрукоў растлумачыў, што гэта экспрапрыяцыя, бо набытак эскплуататараў цяпер пераходзіць ва ўласнасць народа. Сцепаніда не дужа зразумела, што гэта такое, і запыталася, тоячы маленькую квелую надзею: «А зямля як?» І Цыпрукоў сказаў, што зямлю падзеляць паміж беззямельнымі і парабкамі і каб Пятрок назаўтра ранічкай прыйшоў у валвыканкам, дзе ўсё і вырашыцца.