Читать «Знак бяды» онлайн - страница 70

Васіль Быкаў

— Во і Багацька, — сказаў з-за стала Лявон і змоўк.

Яна павіталася і села на краёчак лавы каля дзвярэй, ведала — пытацца няма чаго, зараз і без таго ўсё праясніцца. Яна толькі стрымана зірнула на заклапочаны, нават прыгнечаны твар старшыні, што сядзеў над нейкай паперынай, перавяла позірк на ладную, падцятую постаць Новіка, падпяразаную шырокай ваеннай дзягай па зялёнага колеру фрэнчы, яго зграбныя, з бліскучымі халявамі боты, у якіх ён энергічна крочыў ад акна да грубкі цераз пакой і, відаць, гаварыў нешта важнае перад яе прыходам. Чорны шарсткаваты чуб яго раз за разам спадаў на лоб, і Новік, энергічна трухнуўшы галавой, закідваў яго назад. У парозе поркаўся каля грубкі Патапка, соваў у топку тоўстыя смаляныя палены, ад якіх аж гуло ў некалі пабеленай, але добра ўжо абшкрэбанай сялянскімі плячыма грубцы. Побач з услона за ім дужа пільна сачыў малодшы Недасека, які цяпер гаспадарыў сям'ёй у бацькавай хаце і, як і Сцепаніда, быў членам камітэта беднаты. Аблезлы залаплены кажушок на ім быў шырока расшпілены ад цеплыні. У хаце ўвогуле было цёпла.

Трохі памаўчаўшы, Новік ступіў па падлозе тры крокі і павярнуўся да стала.

— Я ўжо сказаў: галоўная небяспека на даным этапе — гэта правы ўхіл. Нельга дазволіць, каб тэмпы калектывізацыі замарудзіліся. Тым больш сарваліся. А ў вас іменна так: зрыў! Галавацяпства! Восем сходаў, і не можаце арганізаваць калгас. Мяккацеласць і папусціцельства класаваму ворагу. Таварыш старшыня, колькі вы раскулачылі? — Новік раптам жвава павярнуўся на абцасах і апынуўся перад Лявонам. Той недаўменна падняў свой аднавокі твар з сінім шрамам на левай шчацэ.

— А каго раскулачваць? Галота.

— Ах, галота? Дык чаму ж тады твая галота байкаціруе калгаснае будаўніцтва?

— А таго што баіцца. Не ведае. Як будзе ў калгасе, не ведае. Не шутачкі…

— Як будзе — партыя сказала. У рашэннях з'езда Саветаў напісана. Ці вы не растлумачвалі?

— Мы растлумачвалі. Сазнацельная часць сялян — за. Але сазнацельных мала.

— Сазнацельных мала! — пагрозліва паўтарыў Новік. — Перш-наперш самім трэба стаць сазнацельнымі. А во вы самі — вы ж заражаны душком укланізму. Я вот гляджу, часнасобственніцкія тэндэнцыі для вас важней, чым рашэнні партыі.

Новік раз'ятрыўся, гэта відно было па ягоных нервовых рухах, хадзе, на якой ён часта спыняўся і кідаў Лявону крыўдныя словы абвінавачання. Але і Лявона, відаць, дапякло: пакалечаны твар яго ўсё болей бурэў, адзінае вока з-пад касмылявага белага брыва налівалася нутраным гневам, і ён не стрываў: