Читать «Знак бяды» онлайн - страница 68

Васіль Быкаў

Гэта ўжо было нешта новае. Тыя разы Лявон таксама запісваўся першы, але следаваць прыкладу не выклікаў, за ім запісваліся Сцепаніда, Антось Недасека, дэмабілізаваны чырвонаармеец, беззямельны Васіль Ганчарык, і на тым наступаў перапынак. Болей ніхто не запісваўся, сядзелі моўчкі, курылі. Зноў выступалі ўпаўнаважаныя, мацерна лаяўся Лявон за несазнацельнасць, і зноў марна.

Цяпер Сцепаніда ўстала з лавы пад сцяной і сказала, што згодная ўступіць у калгас.

— А каго выклікаеш паследаваць прымеру? — напружана ўставіў у яе адно вока Лявон.

Сцепаніда трохі сумелася. Пакуль стаяла, аднак, ля лавы над угнутымі спінамі мужыкоў і азірала іх ускудлачаныя, сівыя, лысаватыя патыліцы, ссутуленыя гадамі, працай і гэтым неспадзяваным клопатам плечы ў кажушках, паддзёўках, цалейшых і палапленых армячках, сцяміла: выклікаць трэба такога, каб ён напэўна запісаўся і таксама выклікаў некага здатнага для прыкладу наступным. Спярша яна хацела назваць Карнілу, што цяпер сядзеў за тры чалавекі ад яе, той якраз і зірнуў на яе неяк бокам з касматага каўняра кажуха, але ў тым яго позірку яна на адчула падтрымкі — хутчэй спалох, нядобразычлівасць, і яна сумелася.

— Ну, выклікаю Ладзіміра Багацьку, — сказала яна пагадзя, нават не абдумаўшы, добра будзе тое ці не.

Ладзімір быў чалавек памяркоўны, не самы бяднейшы ў вёсцы, але і не багаты, зямлі меў, можа, на якую дзесяціну болей за Петрака ці Лявона, з яго малодшай дачкой Анютай Сцепаніда гэтую зіму хадзіла ў лікбез і сядзела за адным сталом у школе. Анюта ёй падабалася, хоць і была ўдвая маладзейшая, але чулася нібы малодшая сястрычка — такая была прыхільная і сяброўская.

Высокі хударлявы ў паддзёўцы Ладзімір натужна ўстаў з услона, дрыготкай рукой пакратаў вусы. З вялікай, аднак, неахвотай, бы хворы, выцадзіў з сябе нешта, што таварышы з прэзідыума зразумелі як згоду ўступіць. Пасля ён з такой жа ледзьве адоленай натугай думаў, каго выклікаць на прыклад, і назваў Антося Недасеку. Малады яшчэ, жвавы і спрытны Антось тут жа пагадзіўся і выклікаў суседа цераз вуліцу Івана Гужова, якога ўсе ў вёсцы звалі проста Гужом.

«Неяк пайшло», — падумала Сцепаніда і ажно парадавалася, што Лявон гэтак удала прыдумаў рушыць калгасную справу. Гэта ж так проста: адзін за адным, ланцужком, па прыкладу актывіста, суседа, сваяка. Усё ж так весялей і надзейней, не тое што вытыркацца аднаму з пакутнаю думкай: а раптам іншыя не захочуць, не падтрымаюць, а ты застанешся дзіваком ці няўдачнікам, бо наўрад каб ты аказаўся разумнейшы, калі робіш насуперак іншым? Усё ж справа гэта хоць і выгадная, як паглядзець здаля, хоць і дзяржаўная, разумнымі людзьмі прыдуманая, але новая, не бачаная дагэтуль, нікім не спытаная, хто ведае, як яшчэ ўсё абернецца. Можа, дзе і абярнулася добра, але ж там, мусіць, і зямля лепшая, не такая, як тут: то пясок, то гліна, а то і балота. Ды і людзі, напэўна, больш здатныя, не тое што тут. Каго ні вазьмі, дык калі не гультай, дык нямоглы, а то сквапны праз меру, то сварлівы, не гаспадарлівы ці тупаваты завельмі. Яны і для аднаасобства не дужа здатныя, а як будзе ў калгасе? За сябе Сцепаніда не надта баялася, яна — як усе, а калі ішла добраахвотна і першай, дык болей таму, што была бяднячка, уведала нявыкрутку на дзвюх дзесяцінах, дзе толькі надарвешся на той гліне пад ровам. Хопіць таго, што яна надрывалася ў парабках пана Яхімоўскага, шэсць год рабіла, не шкадуючы сябе. А што зарабіла? Добра яшчэ — далі ягоную хату ды дзве дзесяціны. Як бы жыла інакш? З Петраком, такім жа, як і яна, парабкам, ды двума нажытымі дзяцьмі?