Читать «Знак бяды» онлайн - страница 72

Васіль Быкаў

Сцепаніда маўчала. Яна ўжо ўсумнілася, падумала, можа, і так. Можа, гэты Новік і мае рацыю, ведама ж, ён разумны, адукаваны, не тое што яна — ходзіць у другую клясу лікбеза. Але ж Сцепаніда як уявіла сабе тое раскулачванне, плач, гора, высылку, дык ёй стала моташна. Што было рабіць?

— Як я скажу дзеравенцам? — пакутна круціўся за сталом Лявон. — Што сабатажнік? Ці зразумеюць? Не, не зразумеюць. Бо я і сам не разумею, — казаў ён памяркоўна і ўсё перакладваў на стале паперку — то бліжэй, то далей, то па адзін бок, то па другі.

У гэты час разгоніста-шырока расчыніліся дзверы, і ў хату ўскочыў высокі хлопец у шынялі з яркімі малінавымі пятліцамі на каўняры, зняў з галавы вастраверхі шлем з шырокаю зоркай на лбе. Сам быў счырванелы, запыханы, мусіць, спяшаўся, а вочы яго свяціліся жвавасцю і задавальненнем.

— Познішся, Ганчарык, — змрочна папракнуў Лявон. — Даўно трэба…

— Толькі прыбег з мястэчка, маці кажа: камбед.

Васіль Ганчарык павітаўся за руку з Новікам, пасля з Лявонам, абышоў астатніх — Недасеку, падаў руку Патапу, паціснуў сцюдзёнымі пальцамі далонь Сцепанідзе.

— Я каля вас, цётка.

— Сядай, — пасунулася трохі Сцепаніда. Ёй, аднак, было не да Ганчарыка — вялікі клопат затлуміў яе галаву.

— Пра што гамана? — запытаў Ганчарык, усё яшчэ ўсміхаючыся прывабнымі ямкамі на зружавелых шчоках. Ён толькі ўвосень прыйшоў з войска, адслужыўшы недзе на Далёкім Усходзе, цяпер збіраўся жаніцца. На ягонае пытанне, аднак, ніхто не адказаў, усе клопатна надзьмуліся, і ён, нешта адчуўшы, таксама сагнаў з твару мілую ўсмешку. Сцепаніда шапнула:

— Гужа раскулачваць…

— Во што!

— Так, раскулачваць, — зноў пачаў Новік. — І няма чаго рассусольваць. Калгас пад пагрозай зрыву. А Гуж… Наёмны труд быў? — раптам запытаў Новік і насцярожыўся, чакаючы адказу.

— Які там наёмны! — сказаў, нібы адмахнуўся, Лявон.

Але ў той час ля грубкі заварушыўся Новікаў брат Антось Недасека.

— А гэта… Як трысцен ставіў. Наймаў, ага. З Заграззя дзеда аднаго. Яшчэ за грошы сварыліся, Гуж яму тры рублі скруціў.

— Во, бачыш! — ажывіўся Новік і аж угнуўся перад Лявонам. — Было!

— Дык ці мала… Будаваў трысцен! Яно, калі так…

— Не так, усё правільна. Наёмная рабочая сіла — першая адзнака эксплуататара. Няважна, што мала зямлі.

— І гэта… Жаць памагалі, — узрадаваны сваёй кемлівасцю, гаманіў малодшы Недасека. — Наймаў ці за так — не ведаю. Але памагалі. Краўцова дачка Маруся жала.

— Тым больш! — яшчэ болей узрадаваўся Новік і задаволена адкінуўся за сталом. — Усё ясна. Давай стаў на галасаванне.

Сцепаніда захвалявалася, аж млосна стала, расшпіліла кажушок, зноў пачала зашпільваць. Разумела, Новік гаварыў правільна: гэты Гуж упёрся, не зрушыш, і на яго азіраюцца іншыя, можа, і была наёмная сіла — на будове ці ў жніво, але ж… Было дужа шкода гэтага старога, асабліва ягоных жанчын — цётку Фрузыну, хваравітую дачку Настульку, з якой яна тое лета адбывала радоўкі на пасце. Не, не магла яна пераступіць цераз гэтую жаласць нават дзеля агромністых класавых інтарэсаў. І не ведала, што рабіць.