Читать «Знак бяды» онлайн - страница 69

Васіль Быкаў

Цяпер Сцепаніда акрыяла душой: урэшце зрушылася, пайшло, будзе калгас, што ўжо чапляцца за тую бядняцкую нэндзу, ці не пара саступіць са спрадвечнага і даверыцца новаму. Тым больш калі разумныя людзі раяць. Яна паважала разумных людзей, асабліва тых, каторыя з горада, адукаваныя, думала: ужо яны на благое агітаваць не будуць. Добра, што і Пятрок не надта пярэчыў, хоць на сходы хадзіць перастаў, пасылаў яе і бурчэў кожнага ранку, як збіраўся на ток ці да скаціны. Але што ведаў Пятрок, які павучыўся некалі дзве зімы ў школе, толькі і ўмеў распісацца, ды і то аж спацее, бывала, пакуль выведзе на паперы сваё няхітрае прозвішча.

Мабыць, аднак, яна раней часу парадавалася, хоць і здаўна ведала, як гэта блага — загадзя радавацца. Стары Гуж выклік Недасекі не прыняў, запісацца ў калгас адмовіўся. Так ладна наладжаны ланцужок раптоўна парваўся.

Пасля зноў выступаў Касмачоў, грукаў кулаком па стале Лявон, заклікаў да сазнацельнасці, сход загаманіў без ладу і без сэнсу, бы прарвалася штось нядобрае. Ладзімір усчаў сварку з Карнілам, ледзь не пабіліся. А стары, аброслы сіваю шчэццю Гуж сядзеў, бы перад смерцю, прамы і маўклівы, туга сашчапіўшы вусны, і глядзеў кудысці ў кут, дзе некалі віселі абразы, а цяпер прыбіты цвікамі цьмяна свяціўся папяровы партрэт Карла Маркса. Так болей нічога і не ўдалося да золаку. На золаку па адным разышліся.

Яшчэ з вуліцы ў Выселках Сцепаніда згледзела на сельсавецкім падворку буланага коніка пад стракатай папонай, запрэжанага ў ладны зялёны вазок, і здагадалася, што гэта прыехаў Новік. З пачатку зімы той ездзіў у гэтым спрытным вазку, бо яшчэ ўлетку перабраўся ў горад і стаў працаваць у акружкаме. Дужа крута пайшоў угору гэты Недасекаў хлопец, які, стаўшы начальнікам, перш змяніў прозвішча на Новіка, мусіць, ранейшае яму замінала. Ён спрытны быў і ў дзяцінстве, няблага вучыўся ў школе, а пасля — на настаўніка ў Віцебску, але настаўнікам рабіць не схацеў, падаўся ў кіраўнікі. «Гэты не Касмачоў, — падумала Сцепаніда, паварочваючы да сельсавета, — гэты ўсіх тут бачыць наскрозь. І не глядзі, што тутэйшы, а з людзьмі трымаецца строга, па-начальніцку і наогул прынцыповы, дзелавы, кажуць, дужа парцейны. Зрэшты, — думала яна, — можа, цяпер такім быць і трэба, бо з нашымі людзьмі інакш нельга. Калі яны што і прызнаюць, дык гэта ўладу і строгасць».

Сельсавецкая хата стаяла пры самай вуліцы ў сярэдзіне вёскі — доўгая, нізкаватая будыніна пад дранкай з рудавата-аблезлай палатніной лозунга ў падстрэшшы, на якой белымі літарамі значылася: «Цясней змычку горада з вёскай!» Сяней пры хаце не было, адчыніўшы дзверы, прыхожы адразу трапляў у вялікі пуставаты пакой, дзе некалі жыў высланы псаломшчык Конан з вялікай сям'ёй, а цяпер кватаравала хворая Каландзёнчыха з сынам, на выгляд не то дзецюком, не то падлеткам Патапам. Ля парога Сцепаніда трохі атэпала чуні і расчыніла дзверы, адкуль яе абдало цяплом напаленай грубкі, а нізам з-пад ног сунулася воблака сцюжы. Яна таропка зачыніла дзверы і спынілася, стараючыся ўгледзець, хто ў сельсавеце. Там-сям сядзела некалькі мужчын, у падстоллі плавалі-круціліся шызыя космы дыму. Гучная размова мужчын разам спынілася.