Читать «Знак бяды» онлайн - страница 71

Васіль Быкаў

— Ты мяне ўкланізмам не дакарай! Я не менш за цябе хварэю за калгасы. Я кроў праліваў за новае жыццё. Але як во рабіць? Добра табе ездзіць, трэбаваць! А во сядзь на маё месца, убядзі! Каб згадзіліся па сваёй ахвоце. Каб без нагана, як у некаторых.

Мусіць, Новік зразумеў, што так будзе не размова, а сварка, ды яшчэ на людзях. Ён памаўчаў трохі і сеў збоч стала.

— Ладна. Я вас навучу, — сказаў ён спакойней. — Дзе камбед?

— Во Багацька Сцепаніда, зараз прыйдзе Ганчарык. Сямёна не будзе, павёз збожжа на станцыю, — пацішэлым тонам, але яшчэ ваўкавата адказаў Лявон.

— Ну, што будзе паўнамоцна. Сельсавет, камбед, прадстаўнік акружкама — будзе паўнамоцна. Трэба рашаць. Ударыць па сабатажніках. А то развялі галавацяпства!.. Адкрывай сумеснае пасяджэнне.

— Гэта… Сумеснае пасяджэнне шчытаецца адкрытым, — прабурчаў Лявон і змоўк.

— Пытанне адно: адпор сабатажнікам калгаснага руху, — падказаў Новік. — Прадлагаю раскулачыць Гужова Івана. Як кулацкага падпявалу і сабатажніка.

Костачкамі пальцаў Новік прыстукнуў па абшкрэбанай сталешніцы, зірнуў на Сцепаніду, затым — працяглым позіркам на Лявона. Лявон узваліўся грудзьмі на стол і заціх.

— А па якой стацці? — запытаў ён, памаўчаўшы. — У яго зямлі чатыры дзесяціны. Самы серадняк.

— Знаю, — сказаў Новік. — Яго ж надзел поруч з нашым. Зямлі не багата, сагласен. Але — сабатажнік. Сам жа ты казаў, што ён сарваў сход. Зрыўшчык, значыцца. Калі ўпрэцца, нічым не зрушыш. Ужо я яго ведаю.

Сцепаніда маўчала — да такога павароту справы яна была не гатова. Гуж для яе быў як і ўсе: не багацейшы за іншых, хіба больш цягавіты ў працы, да таго ж меў двух сыноў, работнікаў у самай сіле, а тры мужыкі ў гаспадарцы гэта табе не тры бабы. Варочаюць, ого!

— Дык ён жа другіх не падбухторваў. Ён сам не пайшоў, пры чым жа тут зрыўшчык! Ці сабатажнік? — напружана разважаў за сталом Лявон, перакладваючы з месца на месца паперку.

— Як вы не разумееце?! — урэзаў кулаком па сталешніцы Новік. — Яго вы не зрушыце — за ім не зрушацца іншыя. На яго ў сяле азіраюцца: аўтарытэт! Во мы і ўдарым па гэтым аўтарытэце! Тады запяюць інакш. Пабаяцца.

— А ці правільна гэта? — набраўшыся духу, сказала Сцепаніда. — Раскулачваць, каторыя кулакі. А Гуж серадняк. Не, я не сагласная.

— Ну і кіраўніцтва! Ну і актыў! — пакутна застагнаў Новік. — Галавацяпы вы! Ён жа горш, чым кулак. Ён — сабатажнік! Зрывае калектывізацыю ў Выселках. А Выселкі зрываюць тэмп у раёне. Раён-зрыўшчык, вы разумееце, што гэта такое? Мусіць, за гэта цяпер па галоўцы не гладзяць. І нас, і вас!

— Як хочаце, а несправядліва гэта, — не здавалася Сцепаніда. У горле ў яе зацяло, і яна ўжо гатова была спрачацца, але Новік раптам усхапіўся і так закрычаў, нібы яна абразіла яго.

— Якая справядлівасць, цётка? У вас цемрашальства ў галаве, адсталае ўяўленне пра нейкую някласавую справядлівасць! А мы, бальшавікі, кіруемся адно класавай справядлівасцю: ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет. Інакш новага жыцця нам не бачыць. Нас саміх сатруць у парашок. У вас капітулянцкія, праваўкланісцкія погляды, якія трэба бязлітасна выкараніць!