Читать «Знак бяды» онлайн - страница 67

Васіль Быкаў

Але, мусіць, клікалі не так сабе, мусіць, штось будзе. Учора ноччу, у непраглядным куродыме ад тытуню, у сельсавецкай хаце пад ранак наспела нешта такое, што, адчула яна, дабром-мірам не кончыцца, нешта здарыцца. Пачалося ўсё з напружанай насцярожанасці і мужыкоў, і ўпаўнаважанага, і сельсавецкага старшыні Лявона, пакуль выбіралі прэзідыум, галасавалі, зацвярджалі парадак дня — усё той жа цяпер з Калядаў, — у хаце збіралася, вісела, напружвалася нешта клопатна-трывожнае, важнае і нават пагрозлівае. Як загаварыў упаўнаважаны з раёна Касмачоў, усе ўнурылі галовы, пахавалі вочы, слухалі і маўчалі, не пазіраючы адзін на аднаго. Касмачоў гаварыў ладна, болей біў на факты, на прыклады, расказваў, як дужа зажылі калгасаўцы ў Будніках, што пад Леплем: другі год вялікія ўраджаі, будуюць клуб, на полі аруць два трактары, набылі малатарню, жняяркі. Даволі ім, высялкоўцам, трымацца за свае вузкія шнуркі-надзелы, гібець у беднасці і нэндзе, калі свая, Савецкая ўлада дае магчымасці, ідзе насустрач беднякам і сазнацельным сераднякам таксама. Уся краіна дружна становіцца на рэйкі калектывізацыі, дык ці гожа ім адставаць? Касмачоў гаварыў памяркоўна, націскаў на сазнацельнасць серадняка, які павінен выступаць у саюзе з бедняком, а не з кулакамі і падкулачнікамі. Словы ён падбіраў разумныя, харошыя словы, і сам выглядаў разумным, памяркоўным дзядзькам. Ён і быў памяркоўны і разумны: перад тым, як стаў рабіць у раёне, гадоў колькі выкладаў гісторыю ў школе і, казалі, быў дужа адукаваны настаўнік. Яму верылі. Але адной толькі веры для высялкоўцаў аказалася мала, патрэбны быў прыклад. А прыкладу, на які можна было б паглядзець, паблізу якраз і не было.

Ля Касмачова, цяжка ўзваліўшыся грудзьмі на стол, сядзеў Лявон Багацька з вузенькім чорным матузком наўкось цераз лоб. Лявон быў свой, высялкоўскі мужык, мнагадзетны і малазямельны і, як яна з Петраком, надзелены па беднасці дзвюма дзесяцінамі яхімоўшчынскай зямлі. Вока Лявону выбілі на польскай вайне недзе пад Віслай, калі ён схапіўся на шаблях з двума польскімі ўланамі, і яму дужа дасталася, ледзь аклемаўся ў шпіталі і вярнуўся дамоў калекам, падцягваў нагу і не меў двух пальцаў на правай руцэ. Гаварыць Лявон не ўмеў аніколечкі, словы ягоныя былі што валуны ў полі, і ён браў болей маўчанкай, упартай нязрушнасцю характару. Пасля выступлення Касмачова як-колечы, з вялікім недаборам рук, прагаласавалі за арганізацыю калгаса, а як дайшла справа да запісу, усё прыпынілася. Лявон тады нязграбна, у кажусе, падняўся за сталом над ушчэнт закапцелай лямпай і сказаў, падняўшы руку:

— Калі так, я першы. Хай! І выклікаю паследаваць прымеру Багацьку Сцепаніду.