Читать «Знак бяды» онлайн - страница 66

Васіль Быкаў

Трохі паўглядаўшыся ў акно, Сцепаніда адставіла ў кут прасніцу з воўнай, паправіла хустку. Было пэўна ўжо, што Патапка бяжыць на хутар не так сабе, што ў яго ёсць патрэба. Апошнім часам у Выселках ледзь не кожны вечар збіраліся сходы, лічы, з Вадохрышча вясковыя актывісты і прыезджыя ўпаўнаважаныя з раёна і нават з акругі стараліся як сагітаваць мужыкоў у калгас. Але ўсё марна. Заўчора праседзелі ўсю ноч, спрачаліся і сварыліся, разышліся, калі добра ўднела, а запісалася ўсяго шэсць гаспадарак.

Гледзячы на Патапку, Сцепаніда падумала, што, мабыць, і цяпер той бяжыць наказваць на сход. Значыць, лікбезу сёння не будзе. Яна трохі пашкадавала аб тым, бо сёння, як ніколі раней, удала спісала старонку ў сшытку, і словы, можа, першы раз за зіму, выйшлі даволі зграбныя, амаль скрозь роўненькія, мабыць, у школе пахвалілі б. Мінулы раз дык паганілі, ды і было цемнавата, пісала, як палеглі дзеці, і ў газнічцы канчалася газа, а Пятрок усё наракаў з запечку, што не ў пару ўлегла ў грамату, трэба класціся спаць. Цяпер жа, застаўшыся адна ў хаце, яна села за прыбраны стол і нетаропка вывела радкоў з восем: «Мы будуем машыны, мы будуем калгасы». Ды, мабыць, сёння заняткаў не будзе.

Тым часам у сенцах бразнулі дзверы і, не атэпваючы ног, у хату ўвапхнуўся Патапка — рослы белатвары падлетак, падпяразаны вяроўчынай па лапленай світцы. Не павітаўшыся, перш шмаргануў разы два счырванелым прастуджаным носам і прагугнявіў:

— Там Лявон цётку кліча.

— А што, сход?

— Не, не сход. Камбед будзе.

— Цяперака?

— Ну.

— Збяруся, прыйду, — сказала Сцепаніда, трохі схамянуўшыся нутром: то было нешта новае. З восені камбед не збіралі, казалі, што будуць выбіраць новы. Але во, мусіць, знайшлася патрэба і ў старым.

Патап яшчэ шмаргануў носам, паправіў перакручаную на галаве шапку-аблавушку і вылез у дзверы. Перш чым зачыніць іх, грукнуў аб парог абцасамі ботаў, і Сцепаніда пазнала: то былі Лявонавы боты. Сам Лявон цяпер, напэўна, сядзіць, далей залезшы за стол у сельсавеце, і падкурчвае пад лаву ногі, каб хто з заходжых не бачыў босага старшыню. Але халера на яго, і ў Багацькаў з абуткам не лепей, проста бяда з абуткам: ні сабе, ні дзецям — ні купіць, ні паладзіць з чаго. Былі адны лапленыя валёнкі, дык сёння іх ранкам надзеў Пятрок у дарогу, і ёй цяпер трэба было абуваць чуні. Ну, але аб сабе яна не дужа клапацілася, ішла ж не ў царкву, а калі пасяджэнне камітэта беднаты, дык чаго там саромецца. Абы цёпла нагам.

Яна хутка сабралася, надзела трохі навейшую шарсцяную спадніцу, завязала падніз свяжэйшую, белую ў крапінку хусцінку, спрытней забарсала на нагах чуні. Не надта шчыравала над убраннем — была не маладая. І хоць здароўем Бог не пакрыўдзіў, але ж — сорак год — бабін век, не тое што дваццаць. Зняла з цвіка ля парога галоўнае сваё ўбранства — кажушок, аздоблены спераду вышыўкай, хоць і не новы, але ладны і цёплы кажушок, годны на ўсякі выхад. Хату яна не замыкала, хутка меліся вярнуцца са школы дзеці, можа, яна яшчэ спаткае іх на дарозе. Школа была недалёка, усё ў тых жа Выселках, куды вяла вузенькая санная дарожка ад хутара. Яна ўсё ішла і пазірала наперад, ці не пакажуцца яе двое малых: Фенечка хадзіла ў трэці клас, а Федзя ў другі. Але дзяцей не было відаць, дзень канчаўся, а дарога была страшэнна слізготная, проста шкло. Каб не паваліцца, Сцепаніда пазірала болей пад ногі, ступала асцярожна і думала з клопатам: што будзе там, на камбедзе?