Читать «Знак бяды» онлайн - страница 65

Васіль Быкаў

Перахрысціўшыся на хаду, Пятрок на хісткіх нагах падаўся да дзвярэй, а Сцепаніда засталася ў цемры і ўжо не пазірала ў акенца. Яна скамянела ўся на сярэдзіне цеснай істопкі, ужо ведаючы, што сталася страшнае, і, як прысуду, чакала пацвярджэння сваёй здагадкі.

Калі вельмі хутка вярнуўся Пятрок, яна не спытала ў яго — хто, баялася тое пачуць без пытання. Яна была б удзячна Петраку, каб той не сказаў нічога, проста змоўк бы да ранку. Але Пятрок быў не такі, каб доўга маўчаць. Толькі прыткнуўшы дзверы, ён паведаміў шэптам:

— Янку забілі.

Яна маўчала, адчуваючы толькі, быццам рухнула кудысьці ў цемру, дзе не было супынку, а ён, мабыць, зразумеў гэта яе маўчанне як нявыказанае нямое пытанне.

— Ну, таго пастушка. З Выселак.

Каб раптам не ўпасці, яна рукамі намацала край сеннічка і апусцілася на яго.

Яна сапраўды кудысь правалілася з гэтай істопкі і з гэтае ночы, нібы не адчуваючы сябе на гэтым тлумным і страшным свеце, які ўсё вузеў, меншаў, каб неўзабаве паўстаць перад ёй неадольнаю перашкодай, канцом. Яна ведала — яе канец набліжаўся хутка і няўмольна і думала толькі: завошта? Што яна зрабіла не так, напроціў Бога і сумлення, чаму такая кара абрынулася на яе, на людзей?

«Чаму і завошта?» — пыталася яна ў сябе, не знаходзячы, аднак, адказу, і думкі яе ішлі далей, у глыб перажытага. За сцяной на падворку патроху цішэла, перасталі тупаць цвёрдыя боты, часам сцішана чуліся галасы, але яна не слухала тых апрыклых чужых галасоў, — трохі паспакайнеўшы душэўна, яна ўбачыла іншы час і ў ім учула іншыя галасы — з далёкае далечы яны данесліся да яе на суцяшэнне, гароту ці роздум ці, можа, несучы якую надзею. Надзею з мінулага, калі якая была там, бо з будучага наўрад ці яна мела азвацца…

12

На хутары той дзень не палуднавалі: Сцепаніда чакала са школы Федзьку і Феню, Петрака зранку не было дома — на золаку павёз з мужыкамі самаабкладанне на станцыю, меўся прыехаць хіба што позняй ноччу. Якраз нахапілася вялікая слізгота — дзён тры дагэтуль была адліга, на дварэ ўсё плыло, сеяўся дробны дождж з неба, а ранкам ударыў мароз — поле, дарога, дрэвы пакрыліся карыной слізкага лёду; адзін сук на ліпе не вытрымаў ледзянога цяжару, абламіўся і завіс абледзянелым голлем да снегу. Праз трохі праталае акно Сцепаніда згледзела за гэтым суком чалавека ў полі, які то рухава бег па саннай дарозе з Выселак, то прыпыняўся трохі, разоў колькі разгоніста коўзаў, мусіць, па слізкай каляіне, матляючы ў паветры доўгімі рукавамі світкі. Калі чалавек перабег гасцінец і скіраваў да хутара, Сцепаніда пазнала ў ім высялкоўскага хлопца Патапку. Патапка быў пераростак, у школу зімой не хадзіў: не меў што абуць, і цэлымі днямі сядзеў на лаве ў хаце, палову якой займаў сельсавет, — заўжды разявіўшы рот, слухаў, што гаманілі мужчыны. Калі здаралася патрэба каго паклікаць, тады сельсавецкі старшыня, аднавокі Лявон, пасылаў Патапку. Хлопец не дужа каб ахвотна, але ішоў ці бег, куды пасылалі, і, вярнуўшыся, зноў садзіўся пры парозе на лаву з пільнаю ўвагай да ўсяго, што гаварылі старэйшыя.