Читать «Знак бяды» онлайн - страница 64

Васіль Быкаў

— Божа мой, Божа! Што гэта? — не могучы даўмецца, бедаваў Пятрок.

— Ціха ты! Слухай…

Ну ведама ж, што яшчэ ім заставалася, апроч як сядзець і слухаць. Неяк у гэтай несканчонай напружанасці, як там трохі прыціхла, яна пачула кароткую сцішаную размову ля ганка — мабыць, хтось загаварыў з вартавым, і яна зразумела адно толькі знаёмае слова «бандытэн». Але адкуль тут і якія бандыты? Няўжо напалі на іх, калі немцы так раз'юшана кінуліся за імі да рова? Але чаму тады не чутно стрэлаў адтуль?

— Што будзе, што будзе? — ледзь чутна бедаваў Пятрок, і яна ціха азвалася да яго:

— Што будзе, тое і будзе. Не знаеш хіба?

— Каб жа хоць не спалілі! Гэныя ракеты, знаеш, як паляць!

— Могуць і спаліць, — проста пагадзілася Сцепаніда. — Яны ўсё могуць.

Ёй здалося, што нехта прабег завуголлем ля сцяны істопкі на падворак ці да палаткі, зноў там загаманілі, але на гэты раз кароценька — слова на слова, і той зноў пабег кудысь у гарод. Стрэлаў, аднак, не было чуваць, хоць ракеты яшчэ некалькі разоў пасвяцілі, і ціхі іх дальні водбліск трохі парэдзіў цемрадзь на двары і ў істопцы. Яна ўбачыла белы, як палатно, Петракоў твар, у руках няшчасны музыка сціскаў непатрэбную цяпер скрыпку, мусіць, не ведаючы, куды з ёю дзецца.

— Ідуць!!!

Пятрок аж напяўся ў цемры, яна амаль фізічна адчула гэта, а пасля ўжо і да яе слыху данеслася далекаватая яшчэ гамана, галасы. Яны набліжаліся — падобна было, што нейкая група немцаў, ці, можа, яны ўсе вярталіся на сядзібу. Так, мусіць, вярталіся — галасы сталі выразней, іх часам перабіваў адзін гучнейшы. «Ці не фельдфебелеў?» — падумала Сцепаніда і яшчэ ўслухалася: не, то быў нейчы другі голас, які штось даводзіў астатнім, тлумачачы ці, можа, апраўдваючыся.

Неўзабаве на сцежцы за істопкай і на дрывотні затупалі, зашлёпалі па гразі крокі, па падворку адразу матлянулася некалькі прамянёў з ліхтарыкаў, якімі яны свяцілі сабе. І сапраўды, яны рушылі ці не ўсёй грамадой — разам спыніліся на падворку каля прыступак. Нехта ўбег у хату («Ліхт, ліхт!»), і ў акне ярка заззяла электрычная лямпачка — уключылі святло.

Сцепаніда стаяла ля акенца, пэўна ўжо ведаючы, што зараз выявіцца штосьці нядобрае, дужа непрыемнае для яе, але таго, што выявілася, яна не прадбачыла. Праз старое замурзанае шкло акенца не шмат што было бачна ў трохі падсветленай імгле падворка — хіба тое, што высвечвалася электрычнасцю з хаты. Але яна згледзела, як яны там паклалі на траву нешта цяжкое, што ўдвух прывалаклі з дрывотні, і самі пасталі, засланіўшы яго ад істопкі і ажыўлена гамонячы між сабой. Некаторыя смяяліся, іншыя страхавіта штосьці выкрыквалі. З-за іх спін і пілотак відаць была ўсярэдзіне высокая фуражка афіцэра ў блішчастым плашчы. Ліхтарык з ягонай рукі клаў светлую пляму ля ног у доле.

— Некага забілі, — сказала яна Петраку, які мясціўся побач, зазіраючы ў акенца. Але, мусіць, не паспеў той што згледзець, як у сенцах стукнула, прыцьмелы праменьчык з ліхтарыка матлянуўся па істопцы, асляпіў іх пад акенцам.

— Фатэр, ком! Смотрэль айн бандзіт! Апазнаваль айн бандзіт, — паправіў сябе фельдфебель.