Читать «Знак бяды» онлайн - страница 63

Васіль Быкаў

Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! — дзівілася Сцепаніда. — Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!»

Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы — адны, другія.

Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў:

— Ну, я ж казаў…

— Аддалі? — холадна запыталася яна.

— Аддалі, во, а ты казала, — ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі.

— А пра курэй спытаў?

— А, пра курэй… Забыўся. Знаеш, забыўся… Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш.

Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся.

— Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?..

— Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, — напаўголаса, але злосна вымавіла яна. — Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш — падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц — ніякай вестачкі, а ён ім грае.

— Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі.

— Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш?

Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы — устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, бы нежывая, не разумеючы, што там дзеецца, куды і ў каго там страляюць, як раптам над хатай і падворкам пыхнула сляпучае, бы электрычнае, святло ўгары: у акенца шыбануў яркі вогненны пук, які хутка перабег цераз падлогу, па дзежках з Петраком, што змярцвела трымаў у руках чырвоную скрыпку, і раптам згас на сцяне пад чорнаю бэлькай столі.

— Ракета, — сказаў Пятрок запалым голасам. — Што ж гэта робіцца? Спаляць…

Яна таксама не ведала, што гэта робіцца, і не бачыла нічога, толькі страхавіта ўслухоўвалася ў незразумелую калатнечу каля сядзібы. Падобна было, аднак, калатнеча пасунулася за хату, да рова, чуваць стала, што беглі туды, тупаючы па зямлі ботамі; там жа бахнула яшчэ некалькі стрэлаў. А калі неўзабаве загарэлася яшчэ адна ракета — яе дальняе святло цьмяным няпэўным водбліскам шаснула па суччы ліп, грувасткім будане машыны пад імі. «Каго яны там згледзелі? — думала Сцепаніда. — Няўжо парсючка? Мо выграбся, прыбег, цяпер пэўне ж застрэляць».

Яна ўжо не магла сядзець і слухаць — стала на калені да акенца і ўзіралася ў цемру. Пасля памкнулася нават выйсці, але тут жа вярнулася да акенца, падумаўшы, што цяпер выйсці нельга: яшчэ застрэляць у цемры. І яна слухала ўсё: недалёкую ўстрывожаную гаману ля рова ці на гародзе, па той бок сядзібы, яшчэ некалькі стрэлаў і гучных крыкаў-каманд па-нямецку.