Читать «Знак бяды» онлайн - страница 62

Васіль Быкаў

— Можа, аблаяў?

— Не, пахваліў, яй-богу. Па плячы так паляпаў. Гут сказаў.

— Здорава ты выслужыўся, — з'едліва сказала Сцепаніда, трохі дзівячыся пры сабе з Петрака: знайшоў чым радавацца.

— Ды не выслужыўся, чорт іх бяры! — з прытоеным запалам загаманіў Пятрок. — А во падумаў, мо скрыпку аддадуць.

— Не аддадуць, — сказала яна. — Не затым бралі.

— А нашто яна ім? Іграць жа не ўмеюць.

— А можа, і ўмеюць.

— Каб умелі, ужо ігралі б. Я знаю.

— Ну ідзі, прасі, — сказала яна, думаючы, аднак, аб іншым.

Яна думала, што парсючок, мабыць, прападзе, проста азалее ў гэту сцюжу, калі перш не здохне з голаду ў той нары. І што рабіць? Хіба папрасіцца па якой патрэбе з сядзібы, можа, пусцілі б? Але якую прыдумаць прычыну, каб паверылі, яна не магла даўмецца і напружана думала, думала.

— Ану пайду, — набіраўся рашучасці Пятрок, але ўсё яшчэ не адчыняў істопкі.

І тады яна ўспомніла пра недастрэленых сваіх курэй, якія, мабыць, некуды сышлі з хутара ці, можа, пахаваліся ў рове. Тупаючы ўдзень ля кухні, яна крадком усё пазірала па завуголлі, ці не пакажацца каторая. Але не паказалася ніводнай, значыць, недзе добра зашыліся.

— Папрасі там, каб пусцілі курэй пашукаць. Курэй, скажы, разагналі ўчора.

— А што? Можна. Ну, Божа, памілуй.

Не бачна было ў цемры, але яна ведала: Пятрок перахрысціўся, і памалу, нерашуча адчыніў дзверы. Затым не адразу, счакаўшы, з сянец пачуўся ціхенькі стук у другія дзверы, у хату, і Сцепаніда захвалявалася — чорт ведае што зараз будзе? Хоць бы жывы вярнуўся яе Пятрок.

Аднак, здаецца, яго ўпусцілі ў хату, і ён прапаў там надоўга. Яна чакала і слухала, ды нічога адтуль не было чуваць, апроч рэдкіх нянаскіх слоў, што-небудзь зразумець па якіх было нельга. І раптам тоненька пявуча загучала адна струна скрыпкі, другая і трэцяя — ладна загучалі, і яна пазнала Петракову руку. На што іншае ён быў не надта каб здатны, але іграць умеў, як рэдка хто іншы. «Няўжо аддадуць?» — неяк з сумнаю радасцю падумала Сцепаніда. Аднак Пятрок не вяртаўся, а замест яго з хаты хвалююча-пявуча пацякла музыка колішняй любімай ёю «Купалінкі». Сцепаніда слухала-слухала, душачы ў сабе нешта жаласлівае, якое ўладарна брала ў свой палон, і яна не стрымалася. З вачэй выплыла адна за адной некалькі слязін, яна хуценька сцерла іх з твару ражком шорсткай хусткі і зноў стаілася, слухаючы. Пятрок іграў слаўна, чыста і нават старанна, як некалі іграў малады на вечарынках у Выселках, Замошшы, Гузах на пару з цымбалістам Лаўрыкам. Як скончыў, чутно было, там зноў загаманілі, прыціхлі, і з хаты загучаў новы матыў песні пра Волгу, якую спявалі перад вайной. Чуваць было, яму падпявалі нават — не па-нашаму, недарэчна-фальшыва на чужой гэтай мове. Сцепаніда слухала-слухала, і яе першае міжвольнае замілаванне музыкай пачало саступаць месца прыкрасці і нават злосці — навошта ён там ім іграе? Знайшоў каго цешыць музыкай! Не мог адмовіцца, ці што? Сказаў бы: не ўмею, не мая скрыпка — сынава. А то ўзрадаваўся: пахваліў афіцэр за сарцір, дык, можа, гатоў яму іграць, калі ён там сядзець будзе. Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.