Читать «Знак бяды» онлайн - страница 50

Васіль Быкаў

Яны не хутка, аднак, спускаліся крутаватай, месцамі нават абрывістай сцежкай. Парсюк боязна зарохкаў перад абрывам, не цямячы, як з яго злезці, Янка тады прыступіў на калена і знізу пераняў яго, але парсючок трапянуўся, завішчэў, і Янка змушаны быў пусціць яго на свае ногі. Не збочваючы нікуды са сцежкі, парсючок увішна і борздзенька ішоў за Янкам.

Урэшце яны апынуліся ля ручая ў сыраватым, зарослым крапівой і бадыллём прыцемку, Янка некуды ўсё імкнуў над ручаём, вабячы парсючка і Сцепаніду ў сцішэла-вечаровыя нетры ляснога рова. І, надзіва, парсючок слухаўся яго лепш, чым калі б яго вяла Сцепаніда: можа, адчуваў што ці быў згаладнелы і меў спадзёўку на ежу. Калі неўзабаве, хапаючыся за голле ляшчынніку, Янка збочыў са сцежкі і палез угору, Сцепаніда здагадалася, куды гэта ён. Ведала: тут недзе пад выварацінай-елкай на схіле рова была барсукова нара. Барсука даўно ўпалявалі з сабакам браты Біклагі з мястэчка, нара пуставала гады мо чатыры, хлапчукі, забаўляючыся, раскапалі яе ўваход, але да канца не дакапаліся — такая яна была доўгая.

Тут трэба было лезці вышэй у ляшчыннікавым ды алешнікавым зарасніку, парсючок то нязручна скакаў угору, то ўбок, то недаўменна спыняўся, мабыць, прытаміўшыся, і тады на асабліва крутой мясціне Янка абхапіў яго ўпоперак і крокаў некалькі, не зважаючы на ціхі віскат, прабіраўся так, дзе на нагах, а то больш на каленях. Сцепаніда, адной рукой трымаючы чыгунок, другой хапалася за чорнае вецце і ледзьве паспявала за хлопцам. Так яны выкараскаліся да растапыранага ў бакі карнявішча яловай вывараціны на схіле, дзе збоч невялічкай жвіровай пляцоўкі чарнелася вусце барсуковай нары. Выпушчаны з рук парсючок перастаў вішчэць і пачаў супакоена абнюхваць утаптаны хлапечымі нагамі жвір, карані вывараціны, але калі Сцепаніда паставіла перад ім чыгунок, адразу ж, нібы забыўшыся на ўсё, смачна запляцкаў бульбаю.

— Ы-ы-ы! — нешта замахаў рукамі Янка. — Ы-у-у! — з натугай ірвалася з ягоных грудзей, але нічога зразумелага не вынікала, і Сцепаніда падумала: як жа загарадзіць гэту нару, каб парсючок не вылез і не згубіўся ў рове?

— Ы-ы-э! — яшчэ раз спрабаваў давесці нешта сваё Янка і, махнуўшы кудысь рукой, рашуча палез па схіле вышэй да ўзроўка.

Яна засталася адна ля вывараціны, слухаючы, як пляцкае ў чыгунку парсючок і шамоціць сухое лісце на схіле. Шамаценне, аднак, усё аддалялася, наўкола стала ціха. У рове зусім ужо сцямнелася, толькі край неба над тым узроўкам з гайком яшчэ трохі блішчэў апошнім закатным святлом. Сцепаніда не ведала пэўна, ці, можа, Янка пабег дадому ў Выселкі, ці што надумаў, каб памагчы ёй. Але пакуль парсючок еў, яна стаяла ля яго, убіраючы ў сябе таемныя, па-начному страхавітыя шолахі рова, і раптам падумала: да чаго дажылася! Каб уцякаць са свайго дома, хавацца ў рове, шукаць паратунку там, дзе яна заўжды пабойвалася трохі, асабліва ў прыцемках — вечарам ці ўначы. Але цяпер менавіта так: тут ёй было лепш і спакайней, чым на сваёй сядзібе — у хаце ці істопцы, і гэтае мілае стварэнне, яе паслухмяны ўвішны парсючок здаўся ёй радней за якога чалавека — ну як дзіця не раўнуючы. Асабліва пасля Бабоўкі, якую яна так па-дурному не ўберагла і якую цяпер, мабыць, жралі там, на падворку, абгрызалі яе белыя костачкі.