Читать «Знак бяды» онлайн - страница 48

Васіль Быкаў

Сцепаніда сядзела ў істопцы і нават не пазірала ў акенца — яна чула ўсё, што рабілася там, на падворку. Ажыўлена гамонячы, немцы знялі ў хляве дзверы, усталявалі іх пасярод падворка і ўзяліся свежаваць там Бабоўку. Мусіць, драў шкуру ўсё той жа Карла. Чула: там сярод выкрыкаў і смеху салдатні называлася яго імя, нешта гаманіў фельдфебель, тады іншыя прыціхалі, толькі коратка гучала чыё-небудзь «яволь»; саплі ад натугі салдаты і трашчала каровіна шкура. Пятрок кудысьці сышоў, здаецца, на падворку яго не было, інакш бы яна яго ўчула ці ўчула б чый-небудзь крык на яго. І яна сядзела адна на сваім сеннічку на ўслоне ў прахладным паўзмроку істопкі, цяпер ёй не было куды ісці, не было што рабіць. У істопцы было не сцюдзёна, ціхмана, канчаўся пагодлівы восеньскі дзень, яркі сонечны лапік з акенца пасунуўся ад пашчэрбленай земляной падлогі да жорнаў і коса высвеціў там патрэсканыя закапцелыя бёрны сцяны. Гэты залацісты лапік, аднак, усё вузеў, зыходзіў на тонкі блішчасты аскялёпачак і ўрэшце прапаў зусім — сонца схавалася за высялкоўскім пагоркам. У істопцы адразу стала цямней, стуліліся ў паўзмроку вуглы, закуткі, насоўвалася ноч. Немцы ўвесь дзень пратаўкліся на хутары, на мост так і не ездзілі, мусіць, сапраўды сёння было ў іх нейкае свята ці які адпачынак. Сцепаніда чакала, калі яны ўрэшце ўгамоняцца на падворку ці хоць бы зоймуцца якім клопатам, — ёй усё ж трэба было наведацца ў застаронак, пакарміць парсючка, каб той не заскуголіў з голаду і таксама не апынуўся ў іх ненажэрнай кухні. Але яна не магла выйсці цяпер, калі яны гэтак апанавалі сядзібу і нікуды не рушылі з яе. Увесь дзень Сцепаніда чакала зручнага для сябе моманту і вось дачакалася вечара.

Яна здрыганулася ад нейкага тупога моцнага ўдару там, на падворку, затым наступнага; штось там раструшчылася, нібы сухадрэвіна, і яна, устаўшы, зірнула ў акенца. Чалавекі чатыры тупалі там ля асвежаванай, нейкай дужа невялічкай, бы цялячая, тушы Бабоўкі, і крутаплечы без мундзіра немец з закасанымі рукавамі белай сарочкі сек яе тапаром, аж падкідваліся на дзвярах каровіны ногі. Галаву яны ўжо адсеклі, і тая ляжала цяпер на стаптанай мураве ля палаткі, выставіўшы ў звечарэлае неба чорны, загнуты над лобам рог.

Сцепаніда зірнула ў акенца раз-другі, болей пазіраць не стала — яна не трывала бачыць такое. А яны там усё секлі Бабоўчыны косці, скабы, ногі, хрыбет, і кожны ўдар сякеры болем роспачы аддаваўся ў яе сэрцы.

Прыцемак блізкай ночы ўсё болей апаноўваў цеснае, застаўленае розным начыннем памяшканне істопкі. Петрака ўсё не было, і Сцепаніду пачаў агартаць неспакой. Штосьці трэба было рабіць, але што? Што яна магла ўвогуле зрабіць тут, калі не мела ніякага права, нічым не распараджалася — наадварот, цяпер распараджаліся ёю. І ўсё ж яе дзейная натура не магла прымірыцца са сваім бяссіллем, прагнула нейкага сродку, нейкай магчымасці адстаяць сябе, не паддацца.

Яна зноў зазірнула ў акенца — з Бабоўкаю там было ўсё скончана, на траве ляжалі спэцканыя крывёй дзверы, немцы стаялі і сядзелі ля кухні, дзе, мабыць, даварвалася вячэра і адкуль несла нясцерпным пахам варанага мяса. Петрака па-ранейшаму нідзе не было відаць. Яна падбегла да глухой сцяны істопкі, услухалася — не, з гарода не чутна было нічога, можа, варта было цяпер, у шэрую гадзіну, і шаснуць да застаронка. Калі яна слухала, позірк яе незнарок напаткаў блішчасты бок суляі на паліцы, і яна падумала: увечары спаляць. Мусіць жа, трэба будзе святло і забяруць газу. Каб тая не стаяла перад вачыма, Сцепаніда зняла цяжкую суляю з паліцы і засунула ў кут пад жорны, заставіла цабэркам. Пасля набрала з цабэрка ў чыгунок яшчэ пазаўчарашняй варанай бульбы, захінула яго фартухом і асцярожна прыадчыніла дзверы з істопкі.