Читать «Знак бяды» онлайн - страница 52

Васіль Быкаў

З непрыемным боязным пачуццём Сцепаніда падышла да хутара, увайшла па сцежцы ў гарод. Надзіва тут было цёмна і ціха (ці не ўгаманіліся яны там?), толькі з акна на бурачнік падала касое і яркае лапікла святла; такое ж лапікла яна ўбачыла і на падворку, як выйшла з дрывотні. Чорная кухня з высокай трубой стаяла старанна абцёртая і прыбраная, накрытая зверху нейкай брызенцінай; пад тынам састаўленыя ў рад відаць былі іхнія вёдры. Збоч ад тых вёдраў цьмяна шарэла ў паўзмроку, мусіць, забытая зранку вінтоўка з новенькай раменнай почапкай. Сцепаніда ўхапіла гэта адным беглым позіркам і ўскочыла ў сенцы, дзверы якіх былі не зачынены. З хаты чулася спакойная картавая гамана некалькіх галасоў, і яна хуценька прашмыгнула ў істопку.

Пятрок быў на сваім месцы на дзежках і адразу азваўся са змроку, як толькі яна зачыніла за сабой дзверы.

— Ай, дзе гэта ты ходзіш па начы? Аж напужаўся во…

— Дык і ты ж недзе паўдня прападаў, — ціха сказала яна, намацваючы ў цемры свой сеннічок.

— Курэй пільнаваў. Як тых дзвюх застрэлілі, дык астатнія на ўзроўку ў яму ўбіліся. Тую, з крапівой. Сядзяць і ў хлявок не рушаць. Дык пасыпаў ім там, хай начуюць.

— Колькі ж іх хоць ацалела?

— Сямёрачка. Тэй рабенькай і чорнагалоўкі няма. І старой жоўтай няма, але не павінна, каб і жоўтую застрэлілі. Так недзе схавалася.

— Каб жа схавалася, — уздыхнула Сцепаніда, думаючы ўжо аб іншым. Новая думка-жаданне нечакана з'явілася ў яе галаве, і яна ўжо не магла думаць аб іншым — падворак цяпер уладарна прыцягваў усю яе ўвагу. Але яна маўчала, адно толькі слухала.

— Ай-яй! Прыйшоў злом! — пабедаваў Пятрок. — Во скарынку жую. На і табе, мабыць жа, нічога не ела…

Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем — не да сябе, да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік — бедны стары Пятрок! Другім разам пачаў бы наракаць, скардзіцца ці дакараць яе, а цяпер во з адною пакорай. Дажыўся! Але дажылася і яна. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Яна прылягла на сеннічок, прыкрыўшы ногі ватоўкай, і, патроху адломваючы ад кавалка, клала ў рот, ціха жавала. Але найбольш яна слухала. На падворку і ў палатцы, мабыць, ужо супакоіліся, але цераз сені ў хаце чулася нягучная вечаровая гаворка двух ці трох чалавек — на гэтых сну не было. А ёй дужа трэба было, каб яны там паснулі, у ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер, ад якога часам кідала ў дрыжыкі, але, ведала яна, адрачыся ад яго ў яе ўжо не хопіць сілы. Зрэшты, яна і не думала адракацца, яна збірала сілы, каб здзейсніць яго, нават калі б і ведала пэўна, што пасля ёй гэта вылезе бокам. Праўда, пакуль што нельга было і рыпацца; пакуль яны там не спяць, яна не магла выйсці з істопкі. Але яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці, часам зусім па-дурному і марна, а часам усё-такі ёй шэнціла. Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць.