Читать «Знак бяды» онлайн - страница 51

Васіль Быкаў

Настаяўшыся так і набедаваўшыся ў думках, яна прысела на тоўсты абломак вывараціны і знерухомела, навастрыўшы слых. Парсючок выеў усё, што было ў чыгунку, і супакоена ўлёгся пад самыя яе ногі, гарачымі бакамі прыемна грэючы яе настылыя ступні, і яна пачала ціхенька грэбаць яго нагамі пад жыватом. Ахвотна паддаючыся на чалавечую ласку, парсючок памалу перакочваўся на бок, задаволена парохкваў. Яна сядзела на вывараціне, аж покуль угары на ўзроўку не зашамацела галлё, сухое лісце ў траве, нешта там дужа храснула, мабыць, зламалася што ссохлае. Трошкі ёй стала страшнавата, яна ўскочыла, услухалася. Ужо скрозь было цёмна, унізе, дзе бег ручэй, панаваў суцэльны непраглядны змрок, ды і ўгары, над узроўкам, у чорную масу зліліся дрэвы, хмызняк, толькі ледзь-ледзь свяціўся дальні краёчак неба. Шастанне ўгары ўсё большала, штось грукнула збоч ад нары, і да вывараціны звалілася рухавая, запыханая постаць Янкі. Неяк бокам куляючы, ён валок сюды нешта грувасткае і, мабыць, цяжкаватае для яго.

— Э-э-э! Ы! — зморана абвясціў ён і гэпнуў ля самага вусця, мабыць, знойдзеную ў полі драўляную барану з зубамі.

І праўда, гэта было няблага — барана адразу загарадзіла ўваход у нару, трэба было толькі яе падперці ці замацаваць як, каб не паваліў парсючок. Сцепаніда падняла парсючка, удваіх з Янкам яны сунулі яго ў колішні барсучыны схоў і хуценька заставілі нару бараной. Парсючок трывожна зарохкаў, піхнуў барану лычом, спрабуючы паваліць, але Сцепаніда прытрымала яе, а Янка тым часам выламаў непадалёк добрую палку, і яны з натугай падперлі ёю барану.

— Во і добра, — ціха сказала Сцепаніда. — Сядзі і не рохкай, а то… Сажруць і дзякуй не скажуць.

Янка нешта дастаў з кішэні і прасунуў парсючку, той адразу смачна запляцкаў, шавелячыся ў цемры невялічкаю шэраю плямкай, а яны палезлі ўгору на ўзровак. Мабыць, так было бліжэй, хоць і не зручней, чым па сцежцы ля ручая праз роў. Неўзабаве, добра ўгрэўшыся, выбраліся на раўнейшае і выйшлі з кустоўя на край бульбянога палетка.

— Дзякуй табе, Яначка, — сказала Сцепаніда, кладучы руку на хударлявае пад лёгкай світкай хлапечае плячо. Янка напружыўся, спыніўся, зблізку запытальна зірнуў праз змрок у яе твар і прамычэў нешта, як заўжды зразумелае толькі яму аднаму. Яна падумала, што трэба б і яшчэ нешта сказаць гэтаму ўвішнаму бедалагу-хлопцу, ды, занятая сваім клопатам, не знайшла што і пайшла да хутара. Сцежка тут вяла па роўным, каля ўзроўка на мяжы з полем. Янка засстаўся ззаду. Ведама, ён пабяжыць у свае Выселкі, стараной у абход хутара — цяпер у хутар патыкацца нягожа.

Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сляпучае, святло ў акне хаты і падумала: то не лямпа, мабыць, яны запалілі сваю электрычнасць. Было ўжо зусім цёмна, палявую далячынь завалакло змрокам ночы, а кустоўе, дрэвы на ўзроўку чарнеліся дзівосным бязладным нагрувашчаннем, праз якое месцамі туманна праглядвала шырокая прорва рова.