Читать «Знак бяды» онлайн - страница 49

Васіль Быкаў

У сенцах не было нікога, на камянях прыступкаў таксама, яна нячутна пераступіла парог і па-над сцяной істопкі матлянулася да дрывотні. Яна не пазірала на немцаў, чакаючы і баючыся іх вокрыку, але, занятыя гаманой ля кухні, тыя, мусіць, не вельмі ўзіраліся ў яе. За рогам дрывотні яна ўздыхнула, пералезла цераз жэрдку ў гарод. Курыны хляўчук быў насцеж расчынены, падпорка валялася ў доле, курэй там не было ніводнай — ці не ўсіх ужо перастралялі гэтыя сабакі, падумала яна. А можа, пахаваліся? Ці паўцякалі? Яшчэ ўслухаўшыся ў дружны салдацкі рогат, які выбухнуў за хатай, яна ціхенька, каб чым не стукнуць, адцягнула ад дзвярэй застаронка саху, і да яе ног з такім імпэтам выкаціўся яе парсючок, што яна аж спалохалася: што з ім рабіць? Ціха рохкаючы, той радасна тыцкаў у яе ногі кароткім сваім лычком, нібы патрабуючы штось, і тады яна падалася назад праз дзядоўнік да сцежкі-разоры цераз гарод да рова. Парсючок надзіва рахмана, нібы сабака, заспяшаўся следам — подбегам з невялікімі прыпынкамі, і яна аж сцялася ўся: хоць бы не выйшаў хто з-за хаты, не ўбачыў іх тут.

Але сталася так шчасліва — з падворка не выйшаў ніхто, яна правяла парсючка здратаваным, з растаптанымі градамі гародам да плота, пералезла цераз жэрдку: парсючок з ціхім сапам прашчаміўся нізам, і тут ужо яго затулілі быльнёг, кусты ажавіння ля сцежкі. Побач быў роў, а на ўзроўку крыху воддаль адсюль варухнулася знаёмая постаць пастушка Янкі. «Уцякай ты адсюль! Уцякай!» — замахала яна рукой. Не хапала яшчэ трапіць на вочы немцам з тым яго статкам, пастраляюць кароў — ім хіба шкада? Але Янкавага статка паблізу не было відаць, мабыць, ён ужо загнаў яго ў Выселкі, а сам, насуперак яе жаданню, чамусьці бег ёй насустрач. На самым узроўку яны сустрэліся, трохі захінуўшыся ад сядзібы крайнім кустоўем алешніку. Янка, як заўжды, нешта пакутна-гугнява паспрабаваў сказаць, ды яна не зразумела нічога.

— Во парсюк! Каб схаваць дзе?

Надзіва, ён зразумеў. На момант у яго пільных вачах пыхнула ўвішным пытаннем, а затым ён ужо замахаў рукамі, паказваючы ў завалочаную вечаровым прыцемкам глыбіню рова, куды праз хмызняк бегла крывулястая сцежка. Сцепаніда не зразумела, і ён ухапіў яе за рукаў ватоўкі, пацягнуў. Перш чым яна наважылася ісці, парсюк ужо рушыў за ім, нецярпліва торкаючы лычком у босыя Янкавы ногі.