Читать «Знак бяды» онлайн - страница 47

Васіль Быкаў

Каторы ўжо раз спалохаўшыся, Пятрок падумаў, што, мабыць жа, запытаюць, перш чым застрэляць, мабыць, і яму штось трэба сказаць перад смерцю, хоць вылаяцца, ці што. Але, збіты з панталыку, ён проста забыўся на словы. Ён толькі глядзеў на ўсе вочы, як фельдфебель, аберуч ухапіўшы рэвальвер, хлёстка шчоўкнуў затворам і жвава вертануўся да Бабоўкі. — Вэк, фэрфлюхтэр…

Кароткім ударам локця ён адпіхнуў Петрака ад каровы, выхапіў з яго рук вяроўчыну. Бабоўка матлянула галавой, дужа скасавурылася, нібы ўчуўшы пагібель, а немец неяк хутка, нібы незнарок, бахнуў стрэлам у яе такое чуйнае заўжды, рухавае вуха.

Пятрок думаў, яна рванецца ці зараве, а яна неяк дужа пакорліва ўпала на падкурчаныя ногі і тыцнулася пысай у гразь. Паволі кладучыся на бок, адкінула на траву голаў, зрэнкі ў яе вялікіх вачах закаціліся ўніз, з храпы вырваўся непрацяглы ўсхрып, і яна канчаткова выцягнулася на падворку. Толькі па скуры некалькі разоў прабегла дрыжака-сутарга, і ўсё ў яе знерухомела.

У Петрака дробненька трэсліся рукі і ўсё нутро зябка дрыжэла, калі ён пайшоў з падворка, дзе фельдфебель пакрыкваў ужо на немцаў — мусіць, нешта загадваў.

9

Надзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Заходзіла яна здаля — ад падворка, дарогі, праз малако, хату, калодзеж, але падступіла ўжо так, што было відавочна: яны схопяць абаіх за горла — во, тады прыйдзецца спалохацца. Праўда, як яна ні ўдумвалася, усё не магла ўразумець нялюдскі сэнс іх учынкаў ды іхніх намераў, хоць увогуле намеры гэтыя былі спрэс ёй варожыя, але як было дазнацца, каторы з іх прывядзе да самага страшнага. Канешне, можна б старацца як мага далей адсоўваць яго, гэтае страшнае, неяк паддобрывацца, нават падлізвацца да чужынцаў, дагаджаць ім у малым ці ў большым, але, думала яна, хіба тым пасобіш? Зноў жа яна змалку не ўмела пераломваць сябе, рабіць што насуперак перакананню, тым больш прыніжацца; патрэбных для таго здольнасцяў у яе не было ані крошкі, і яна не ведала нават, як тое можна наогул, асабліва калі яны вытвараюць такое. Тая знявага, якую яны ёй зрабілі пры першым сваім з'яўленні, не давала ёй намагчыся на іншы лад, апроч непрыязні, далейшае ж выклікала ў яе абурэнне і нянавісць. Сапраўды, такога з ёй ніколі яшчэ не здаралася. Было, што яе крыўдзілі ў жыцці, прыцяснялі, зневажалі нават, але ніхто яшчэ не падняў на яе руку — ні бацька на малую, ні якая радня, ні потым Пятрок. Ды і як было можна: па ўзросту яна многім з гэтых немцаў гадзілася ў маці, у яе самой сын быў у войску — ладны малады дзяцюк, — якое яны мелі людскае права адбіраць у яе нажытае працай ды яшчэ біць яе?