Читать «Знак бяды» онлайн - страница 46

Васіль Быкаў

Але, мусіць, быў трэба і хутар.

Яшчэ ў гародзе Пятрок сцяміў, што на падворку ішла гульня ў мяч — праз вокрыкі і гергетанне чуліся тугія ўдары па гуме. Неўзабаве здаровы, нібы гарбуз, мяч выкаціўся з-за хляўка, і за ім выскачыў распараны, ажывелы ад гульні немец, ці не ўчарашні знаёмец-шафёр? Ён каротка зыркнуў праз акуляры, падхапіў мяч і схаваўся на падворку за рогам хаты.

Пятрок прывёў на ўчарашняе месца Бабоўку і стаў, нічога не кажучы, чакаючы фельдфебеля, які ўжо зырыўся сюды ад кухні. Ён штосьці загадаў, і Карла з бляшаным вядром у руках павалюхаў да каровы. Дужа няёмка і страхавіта зрабілася Петраку, як ён згледзеў гэта вядро, падумаў: хоць бы сабралася што ў Бабоўкі, іначай будзе бяда. Чалавек пяць немцаў у расхрыстаных апратках і з узнятымі рукамі білі ўгору мяч, спрэс вытаптваючы мураву на падворку; нешта абмяркоўваў з кухарам кадоўбчык-фельдфебель, а Карла набліжаўся. Пятрок не выпушчаў з рук вяроўку, толькі падабраў яе карацей. Бабоўка па-ранейшаму боязна азіралася на немцаў і вялікімі бухматымі вейкамі міргала на кожны ўдар па мячы. Карла, як і ўчора, прысеў пад ёй і, снуючы выпнутымі локцямі, пачаў даіць.

Ды, мусіць, доўга даіць не было чаго, карова не хацела стаяць, хоць Пятрок і трымаў яе, пераступала і тузалася. Праз якую хвіліну Карла падхапіў пустое вядро і выпрастаўся. Як здалося Петраку, ён занепакоена зірнуў на яго, пасля азірнуўся на дрывотню, дзе паказалася і прапала кудысь Сцепаніда, пасля прагергетаў штось да фельдфебеля. Той рашуча скіраваў да кухні.

— Вас іст дас? — запытаў ён, паказваючы на вядро. — Варум нікс млеко?

— А хто ж яго ведае, — са шчырасцю, на якую быў здольны, сказаў Пятрок і амаль аддана паглядзеў у злыя вочы фельдфебеля. Пунсовы твар таго стаў яшчэ чырванейшы.

— Варум? — гучна гыркнуў ён і звыкла хапіўся за сваю аграмадную кабуру.

— Бо не дае. Запускацца будзе. Цельная яна, — палохаючыся, нязграбна схлусіў Пятрок, у думках ужо лаючы жонку: трэ было ёй гэтак выдойваць. Хай бы задавіліся тым малаком — гінуць праз яго Петраку зусім не хацелася.

Немцы на падворку спынілі гульню, адзін з мячом пад пахаю падышоў бліжэй, за ім з цікаўнасцю на тварах падышлі іншыя. Усе па чарзе зазірнулі ў амаль пустое вядро, на донцы якога бялела лыжка малака — не болей. Фельдфебель нешта перагаварыў са злым кухарам, які таксама прыдыбаў сюды і стаяў, болей узіраючыся ў Петрака, чым у вядро ці карову. За кароткую паўзу, калі ўсе яны змоўклі, фельдфебель расшпіліў кабуру і паволі выцяг з яе свой рэвальвер з тонкім ствалом і тоўстаю чорнай ручкай.