Читать «Знак бяды» онлайн - страница 42

Васіль Быкаў

Ён зноў вярнуўся ў істопку, прычыніў ззаду дзверы. Цяпер ён баяўся выходзіць на падворак, каб лішне не назаляць ім, мусіць, трэба было сядзець тут, у гэтым старасвецкім сховішчы, бо дзе яшчэ было дзецца гаспадару на акупаванай сядзібе? І ён ціхенька, каб не грукнуць чым у паўзмроку, надзеў свае апоркі, тужэй захінуўся ў кажушок і стаў ля акенца. Хацелася курыць, але прыкурыць не было як, і ён цярпліва трываў, чакаючы немаведама чаго. Тым часам добра развіднела, папрачыналіся немцы, пачалі сноўдаць неапранутыя, у сподніх кашулях, блакітных і белых майках — то па патрэбе за хлеў, то курылі і па-фізкультурнаму разміналіся на падворку. Адзін у апушчаных на сцёгны помачах выцягнуў з калодзежа вядро вады, пачаў мыцца збоч ад кухні пад тынам. Там жа прыладзілі на тыне невялічкае люстэрка і галіліся нейкімі кароценькімі брытвамі. Адзін, што быў у акулярах і з высока падстрыжанай патыліцай, няспешна ходзячы па падворку, нешта цікаўна разглядваў на стрэхах, спыніўся перад дрывотняй і нешта коратка запісаў маленькім аловачкам у маленькай чорнай кніжачцы. Пасля прайшоў да хлява, зазірнуў у яго праз расчыненыя дзверы. Пятрок думаў, чагось шукае, але, мабыць, ён не шукаў, а таксама дастаў з бакавога кішаня сваю кніжачку і штось запісаў. «Вучоны, — падумаў Пятрок. — Толькі што там глядзець, у тым хляве?» Ён усё чакаў, калі яны збяруцца ды паедуць на мост, мусіць жа, трэба было працаваць. Але ішоў час, ужо добра парыла кухня, ад якой патыхала нейкім незнаёмым і смачным пахам, а яны ўсё таўкліся на падворку, відаць па ўсім, не спяшаючыся з працай. Дый фельдфебеля яшчэ не было відаць, як, зрэшты, і таго іх галоўнага афіцэра — мусіць, абодва спалі ў хаце, бо ў сенцы яшчэ ніхто не заходзіў ад рання.

Займаўся лагодны, зусім не па-восеньску цёплы ранак. Недзе за тонкай смугой аблокаў блукала гатовае вось-вось выглянуць сонца. Немцы зусім параспраналіся, скінулі шынялі, а то і мундзіры. Адзін з гладкай, рудой ад загару спінай доўга мыўся ля студні, стоячы толькі ў трусах ды ботах, другі паліваў яму з кацялка, і абодва, па-маладому бесклапотна рагочучы, пырскаліся вадой. Злы кухар, апрануты сёння ў кароценькую белую куртачку, і Карла шчыравалі ля кухні: Карла, прыгнуўшыся, пароў у невялічкую топку, а кухар нешта мяшаў у катле з адкінутым вечкам. Забітую ім варону двое ўжо апранутых, але без пілотак немцаў ладзілі на вышэйшы калок у паркане, неяк склалі ёй крылы, каб было, нібы ў жывой, але мёртвая галава птушкі не трымалася роўна і ўсё падала дзюбай набок. Тады адзін прынёс з машыны тонкую драціну і неяк прымацаваў там галаву, хоць усё роўна было відаць, што варона забітая. Ён толькі адышоўся, азіраючы сваю работу, як у сенцах бразнулі дзверы, Пятрок насцярожыўся, зазіраючы наўкось у акенца, — на камянях пры парозе ўжо стаяў афіцэр, таксама ў расшпіленым кіцелі, без шапкі, з ускалмачанай чорнай чупрынай. На момант афіцэр агледзеў падворак, на якім неяк адразу падабраліся, пацішэлі салдаты, і нешта сказаў таму, што стаяў ля вароны. Той адказаў, заўсміхаўшыся ўсёй сваёй маладою круглаватаю мордаю, і адышоўся ўбок.