Читать «Знак бяды» онлайн - страница 43

Васіль Быкаў

Пятрок прыпаў шчыльней да бервяна, каб згледзець, што будзе далей, але, мусіць, і так усё было зразумела. Афіцэр ужо цэліўся з ганка ў варону, тонкі ствол яго пісталета трохі варушыўся ў бакі, пакуль ён лавіў варону на мушку, пасля знерухомеў, знянацку ляснуў кароценькі стрэл — з птушкі над тынам паляцела пер'е.

— Браво! Браво! — заляскалі ў далоні немцы, што мыліся ля калодзежа, і адзін з намыленымі шчокамі ўбаку, і яшчэ нехта, каго Пятрок не мог згледзець з акенца. Тады афіцэр прыцэліўся яшчэ, і яшчэ лопнуў стрэл, на гэты раз куляй у вароны адарвала ўсю галаву з дзюбаю. «Браво!» — сказаў нехта спазнела. Афіцэр задаволена схаваў пісталет і пайшоў да кухні, на хаду апранаючы ў рукавы кіцель. Аднекуль да яго падскочыў вёрткі фельдфебель, і яны пачалі размову, якую Пятрок ужо не мог зразумець.

Тут, стоячы ля акна, ён учуў іншае, ад чаго на момант збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць. Там, за сцяной істопкі, дзе быў невялічкі садок, трэслі яблыню — аж шамацела лісце і, чутна было, густа падаючы, важка грукалі аб зямлю яблыкі, мусіць, яго антонаўкі, якія ён цярпліва спяліў на зіму. Крыўда знянацку апаліла яго, і Пятрок, забыўшыся на асцярогу, памкнуў з істопкі — усё ж гэта быў непарадак — хіба так можна рабіць? Ну, адшчыкнулі б пяток ці дзесятак яблыкаў, хай бы наклалі пару гэных пілотак — нашто ж так самавольна абтрасаць усё дзерава? І гэты афіцэр, хіба ён не крыкне на іх?

Падхоплены раптоўнаю крыўдай, Пятрок выбег праз расчыненыя дзверы з сенцаў і паўз вокны каля палаткі, прысунутай да самае прызбы, шаснуў у гародчык. Канешне ж, так яно і было. Адзін немец, раскарачыўшыся ботамі ў тоўстым галлі, сядзеў на яблыні і трос сук, спелыя яблыкі з важкім лопатам сыпаліся на грады ў бурачнік, дзе іх збіраў у шапку рыжагаловы мізэрнага выгляду немчык. Пятрок стаў на ўзмежку і ўтаропіўся ў іх дакорлівым позіркам. Але яны нават не зірнулі на яго, быццам ён быў нейкае дрэва, а не гаспадар хутара.

— Усё ж нядобра так, — крыху памаўчаўшы, сказаў ён. — Я ж вашаму афіцэру пажалюся. Нядобра, паны немцы.

Той рыжанькі, зусім яшчэ хлопчык з выгляду, выпрастаўся, неяк зладзеявата зыркнуў на яго і, хіхікнуўшы, замахнуўся надкушаным яблыкам. Пятрок ледзьве паспеў адхінуцца, і яблык, ударыўшыся ззаду аб сцяну, адскочыў у крапіву.

— Зладзюгі вы! — сказаў Пятрок амаль у адчаі. — Ну, пачакайце!..

Ён павярнуўся з рашучасцю паскардзіцца афіцэру, але ў той час ля хляўка ляснулі запар два стрэлы, і са здзічэлым кудахтаннем кінуліся цераз плот куры. Пятрок, згубіўшы ў баразне апорак, застыргікаў да хляўка па гэты бок істопкі. Стрэл ударыў яшчэ адзін раз, і цыбаты немец з дрывотні, спрытна пераскочыўшы цераз плот, з растапыранымі рукамі кінуўся ў быльнёг. Ззаду ля старой калоды стаяў з рэвальверам у руцэ фельдфебель, ён ажывела гергетаў нешта, звяртаючыся да двух ці трох немцаў, і тыя скалілі белыя зубы — смяяліся. Далей, назіраючы за ўсім, пахаджваў афіцэр у незашпіленым ад ранку мундзіры, з-пад якога паказвалася на дзязе скураная кабура.