Читать «Знак бяды» онлайн - страница 40

Васіль Быкаў

— Генуг! — раптам скамандаваў фельдфебель — вядро было поўнае. Карла выпрастаўся і асцярожна, каб не разліць, паставіў малако перад начальствам. Фельдфебель з лютасцю ў скіраваным на яе позірку тужэй сашчапіў пульхныя пашчэнкі.

— Ком!

Яна ўжо ведала, што азначае гэтае слова, і памалу падышла да яго, спынілася за два крокі, не могучы адарваць позірку ад вядра, у якім зверху ціхенька гойдалася малочная пена. Яна чакала крыку, пагроз, але рыжы фельдфебель не крычаў, ён толькі пасунуў наперад да спражкі сваю кабуру.

— Паночку! — раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і каленямі бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. — Паночку, не трэба!

Тут толькі яна зразумела, што немец хоча дастаць свой рэвальвер, і сэрца яе непрыемна скаланулася ў грудзях. Але яна не скранулася з месца, яна толькі сачыла, як ён нешта няўмела поркаецца там з рэвальверам, не можа яго адшпіліць, ці што. Пятрок і яшчэ заекатаў, пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены і няшчасны. Яна ж стаяла, як адзервянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Яна ўскінула руку, тады дужа апякло пальцы на руцэ, ляснула па спіне, добра, што на плячах была ватоўка, праз яе было не так ужо і балюча. Фельдфебель нешта злосна крычаў і яшчэ некалькі разоў выцяў яе, але найбольш балелі пальцы пасля другога ўдару, спіне ж было амаль не балюча. Тым болей яна знайшла, як захінацца ад яго ўдараў — не пальцамі, а болей локцем, і ён, лупнуўшы з усяе сілы яшчэ разы два, мусіць, зразумеў, што надта яе не проймеш. Тады ён апусціў ланцуг і крычаў, ад натужнае злосці чырванеючы белабровым тварам, але яна, бы глухая, не слухала яго крыку і не хацела разумець яго. Краёчкам увагі яна адчула, як там, ля палаткі і ля кухні, нешта кпліва ржалі два ці тры немцы — мусіць, тое, што вытваралі з ёй, здавалася ім надта смешным, мусіць, для іх гэта было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, падумала яна, біце няшчасную жанчыну, якую няма каму абараніць. Але ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын-салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер — прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты ўстань, Пётра, нягожа поўзаць перад імі на каленях. Хай! Пабілі яе, як якую прыблуду, на сваім жа двары, пад смех і гогат, але яна сцерпіць. Цярпі і ты.

Пякучым болем гарэлі шыя пад вухам і пальцы на левай руцэ, калі яна марудным крокам, прыдушаная невыказнаю крыўдай, пайшла на дрывотню, каб засланіцца ад іх нахабных вачэй, а можа, і заплакаць. Але каб яны не бачылі. Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы. Шкада, у яе даўно не было слёз, быў толькі гнеў, прыдушаны і ледзьве падуладны ёй, ад якога найперш ёй самой было дужа нясцерпна. Ну але хай, суцяшала яна сябе, хай! Яшчэ пабачым. Можа ж, не застрэляць да вечара, яшчэ пажывём трохі…