Читать «Знак бяды» онлайн - страница 41

Васіль Быкаў

8

Усю ноч да золаку Пятрок курчыўся на сваіх мулкіх дзежках пад кажушком, стараўся заснуць. Спярша ўсё слухаў, што рабілася на падворку, дзе хоць і сцямнела, але не было спакою: чулася незнаёмая гамана, вокрыкі, смех — чамусь дапазна там не было ўгамонку. У сенцах раз за разам грукалі дзверы, там усё бегалі ў хату і з хаты, бразгалі посудам, мусіць, частаваліся камандзіры. Спакваля, аднак, усё сціхла, немцы паснулі, але Петрака ўсё роўна не брала на сон; гаротна і неадчэпна думалася: што ж гэта будзе? Гэта ж паслаў Бог кару на дваіх старых — за што толькі? Пятрок хацеў запытаць аб тым жонку, але на ягоны здаўлены шэпт яна не азвалася, а гукаць да яе мацней ён не адважыўся: ён ужо быў навучаны і баяўся нават у сваёй хаце. Цяпер дык, мусіць, самы раз і было баяцца.

На золаку ён усё ж задрамаў, здалося, зусім трошкі, і ўбачыў дурны сон пра пацука. Пад жорнамі ў істопцы здаўна была шырокая пацукова нара, з якой цяпер высоўвалася нейкае дзікае стварэнне з клыкастаю, нібы ў дзіка, зяпай, Пятрок шпурляў у яго венікам, затым пароў туды даўгім кійком, ды марна: пацук хаваўся, каб затым вылезці зноў і пагрозліва зяваць сваёй клыкастаю зяпай, не то пагражаючы, не то пацяшаючыся з людзей. Урэшце Пятрок ухапіў ля парога паржаўлены стары калун і шпурлянуў ім па нары ў куце, але, мусіць, зачапіў жорны, і тыя з грукатам грымнуліся ў куце, дзе стаялі, толькі закурэў пыл у істопцы.

Пятрок тут жа прачнуўся, адразу цвяроза зразумеўшы, што грымнула дзесь наяве і побач. У істопцы было віднавата, займаўся ранак, на шархоткай земляной падлозе пасярод істопкі відаць былі ягоныя апоркі, жорны стаялі сабе на месцы ў куце, а Сцепаніды на тапчане пад акенцам чамусь не было, ляжаў толькі ўмяты яе сеннічок. Пятрок, як быў босы, сігануў да акенца з замурзаным, у павуцінні шкельцам, праз якое, аднак, убачыў падворак з кухняй і там злоснага кухара, які стаяў з узнятаю ў руках вінтоўкаю. Якраз у той час ён ляснуў затворам, выкінуў на траву гільзу і пайшоў кудысь у варотцы. Вінтоўку жоўтаю раменнай почапкай павесіў на тын ля кухні.

Спалохаўшыся ад думкі, ці не там Сцепаніда, Пятрок, босы, толькі накінуўшы на плечы кажушок, выскачыў на ганак: поруч з палаткі высунуўся немец, неапрануты, у помачах паверх сіняе майкі, але ў суконнай пілотцы на галаве, ён нешта крыкнуў кухару, ды той не адказаў за тынам. Зрэшты, праз момант усё стала зразумела, калі той паявіўся ў варотцах. У ягонай паднятай на паказ руцэ павісла распластаная варона, з яе разяўленай дзюбы капала кроў, і яна яшчэ слаба варушыла чорным, абвіслым крылом.

Пятрок кінуў позірк на хлеў — вароты былі ўжо расчынены, значыць, Сцепаніда пагнала ўжо Бабоўку. Гэта дало Петраку спакою — чорт яе бяры, тую варону, было не прылятаць, не каркаць — накаркалася на сваю галаву.