Читать «Знак бяды» онлайн - страница 44

Васіль Быкаў

Ураз страціўшы нядаўнюю рашучасць, Пятрок спыніўся — каму было скардзіцца? Тое, што рабілі салдаты, відаць, не было чымсь недазволеным, іх камадзіры, мусіць, былі такія ж. Мусіць, усё тое было ў іх заведзена, як у заваёўнікаў. Цыбаты тым часам пералазіў ужо цераз плот, у высока ўзнятай руцэ трымаючы за складзеныя лапкі курыцу, якая яшчэ роспачна біла ў паветры крыллем. Фельдфебель з рэвальверам у руках азіраўся па баках, мусіць, шукаў дзе яшчэ курэй. Але тыя пазашываліся са страху хто куды, ніводнай не было відаць на падворку. Пятрок памалу шкандыбаў на дрывотню, адчуваючы поўнае сваё бяссілле і нават не ведаючы, куды падацца цяпер, каб не быць у іх на вачах. Аднак ён ужо трапіў на вочы, фельдфебель апусціў рэвальвер, і ягоны пыхлівы твар ураз страціў вясёлае паляўнічае ажыўленне.

— Ком!

Ну канешне, зараз ён пачне чапляцца, можа, паб'е ці нават застрэліць яго — хіба ім доўга. Пятрок як быў, з адной босай нагой, сашкандыбаў з дрывотні і стаў на сушэйшым.

— Млеко! Варум нікс млеко?

Фельдфебель чакаў адказу, з ім побач стаялі яшчэ два немцы, сюды ж усё ў незашпіленым кіцелі з мноствам гузікаў на грудзях кіраваў афіцэр.

— Дык карова пасецца, — проста сказаў Пятрок, трохі дзівячыся гэтаму наіўнаму пытанню.

— Ком карова! Бістро! Ты поняль? — прагергетаў фельдфебель, і Пятрок падумаў: аднак жа далося ім тое малако. Ці ў іх няма чаго іншага жэрці, што яны так прычапіліся да малака?

— Ком карова! Нах хаўз карова! Поняль?

— Паняў, — паныла сказаў Пятрок і павярнуўся назад да дрывотні. Трэба было ісці шукаць у парасніках Сцепаніду з Бабоўкай.

Тыя, у садку, ужо ўзлезлі на другую яблыню, з кіславатымі невялічкімі яблыкамі, якімі было густа абсыпана сучча, і латашылі іх там у кішэні і пілоткі. Двое іншых выглядвалі штосьці ў доле, сноўдалі на градах, топчучы не выбраныя яшчэ буракі і цыбулю. Цяпер Пятрок нічога не сказаў ім — хай хапаюць, хоць падавяцца. Ён знайшоў у баразне свой апорак і пайшоў разораю да раўка. Было пэўна ўжо, што ўся гародніна, садавіна ды і ўся гаспадарка пойдзе на скрут і бурэнне, цяпер не ўберажэш нічога. Пашэнціла б уберагчы галаву.

Знарок ён ішоў нетаропка, думаў і слухаў, ці не грукне яшчэ стрэл на сядзібе, мусіць жа, адной курыцы ім будзе мала. І сапраўды, толькі ён дайшоў да беражка рова, як ззаду бахнула тры разы запар, Пятрок азірнуўся — не, адсюль не відно было, мусіць, стралялі па той бок сядзібы ці на падворку. Хай бы яны перастраляліся там самі, меней было б на свеце. Але, мабыць, сваіх не застрэляць, а курачак ці застанецца хоць на развод. «І глядзі, во так і не збіраюцца на працу, ладзіць той мост, — ці ў іх выхадны сёння, ці якое нямецкае свята?» — думаў Пятрок. Так хацелася яму сысці і не вяртацца на гэты хутар, тым болей што разгулялася добрае надвор'е, у небе праяснілася, стала прыграваць невысокае сонца, ветрык зайшоў з паўдня і зранку быў цёплы і ласкавы. Такое выдараецца не часта ўвосень. Можа, то зачыналася бабіна лета з яго спазнелай, скупой, але такой жаданаю радасцю ў прыродзе. Каб не гэтыя злыдні.